Летась у Беларусі было заведзена 567 спраў супраць гандляроў людзьмі

Радыё Свабода, Нью-Ёрк Міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў і намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч удзельнічаюць у канфэрэнцыі ААН па барацьбе з гандлем жанчынамі, якая адбываецца ў Нью-Ёрку.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі Пяткевіч і Навумаў заявілі, што Беларусь – лідэр сярод краінаў СНД у барацьбе з сэксуальным нявольніцтвам. Міністар Навумаў сказаў:

“Многія краіны СНД пакуль нават не прызнаюць, што такая праблема існуе і імкнуцца ухіляцца нават ад прызнаньня, а ня тое што ад арганізацыі працы. Таму мы зараз адчуваем вялікія цяжкасьці, калі імкнёмся у сваёй рэспубліцы ўсё актыўней у гэтым накірунку працаваць”.

У 2006 годзе ў Беларусі было заведзена 567 крымінальных спраў супраць гандляроў “жывым таварам”. Беларускае заканадаўства прадугледжвае да 10 гадоў зьняволеньня за ўдзел у гандлі жанчынамі. Аналізуючы прычыны распаўсюду гэтага злачынства, Натальля Пяткевіч адзначыла наступную:

Пяткевіч: “На жаль, калі мы аналізавалі прычыны, чаму мае месца гандаль людзьмі, у прыватнасьці ў Беларусі, нельга выключаць, што тут шмат неабачлівасьці. Дзяўчаты едуць уладкоўвацца на працу, рэалізуюць свае таленты, будуць сьпяваць, таньчыць, думаючы, што недзе нешта абстрактна можа здарыцца, але толькі не са мной”.