Сьвет і час Леаніда Шчамялёва

Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася пэрсанальная выстава народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Адзін з найбольш знаных і старэйшых майстроў жывапісу ўпершыню паказвае экспазыцыю сваіх твораў на галоўнай выставачнай пляцоўцы краіны. Перад самым пачаткам урачыстай цырымоніі адкрыцьця Леанід Шчамялёў паказаў выставу нашаму карэспандэнту.
Экспазыцыя цалкам займае галерэі параднага холу музэю. Выстаўленыя некалькі дзясяткаў палотнаў са сховішчаў музэю і творы, якія зьяўляюцца ўласнасьцю майстра, – ад дыплёмнай працы “Вясельле”, зробленай ужо ў далёкім 1959 годзе, да пэйзажаў і натурмортаў году 2007-га.

“Мастак і час” – гэты назоў дакладна вызначае канцэпцыю экспазыцыі. І пражытае, і перажытае творцам – вайна, гісторыя Беларусі, яе сучаснасьць –асэнсоўваюцца ў нечаканых вобразах, у экспрэсіўнай колеравай гаме. Леанід Шчамялёў падкрэсьлівае, што кожны час мае свой колер, сваю экспрэсію.

Шчамялёў як мастак і грамадзянін ня можа не адгукацца на падзеі, якія яго хвалююць, але ніколі не малюе наўпрост – публіцыстычна, плякатна. Гэтаксама, як у 2005 годзе ён увасобіў 60-ю гадавіну Перамогі ў вобразе букету кветак, гэтак і сваё бачаньне падзеяў вясны 2006-га раскрыў у абстрактнай кампазыцыі, дзе клясычныя абрысы мадоны абрамляюць бел-чырвона-белыя кветкі-стужкі, што цягнуцца ў неба.

“Я праз клясычную форму хацеў выявіць стаўленьне да высокіх сыстэмаў бачаньня сёньняшняга дня, сёньняшніх адносінаў і супярэчнасьцяў. Усё што заўгодна”, - кажа мастак.

На выставе прадстаўленыя ўсе любімыя жанры мастака – букеты, натурморты, пэйзажы, сюжэтныя карціны, партрэты. Сярод апошніх – нямала знаных людзей Беларусі, разам ці побач зь якімі пражыў сваё жыцьцё Шчамялёў, і павагу, любоў да якіх ён выказвае праз жывапісны партрэт.

Вось праца 1975 году – “Працаўнікі музаў”. На ёй за адным сталом з букетам валошак сядзяць Васіль Быкаў, Міхаіл Савіцкі, Ігар Лучанок. Выстаўленыя таксама ўжо шырока вядомыя партрэты мастака Віталя Цьвіркі і пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. А побач новая праца – партрэт вядомага мастака Пятра Драчова, які нядаўна пайшоў з жыцьця.

Мастак кажа пра карціну: “Вось які Пеця Драчоў. Гэта – наш чалавек, чалавек, які стварыў унікальнае, прыгожае бачаньне сьвету. І чалавек ён быў прыгожы. Бліскуча ведаў Валодзю Караткевіча, шмат езьдзіў зь ім па краіне. Такім я і адлюстраваў яго. Гэта таксама тое стаўленьне да сьвету, якое мне дорага”.

На пачатку лютага Леаніду Шчамялёву споўнілася 84 гады. Ён зусім не выглядае на свае гады. Майстар поўны энэргіі, творчых задумаў. Зрэшты, ён штодня працуе ў сваёй майстэрні. Гэтую выставу называе рэпэтыцыяй перад той экспазыцыяй, якую ўжо сёньня плянуе паказаць публіцы ў наступным годзе, у дні свайго 85-гадовага юбілею.

Але чаму за амаль паўстагодзьдзя творчасьці ён упершыню выставіўся ў Нацыянальным мастацкім музэі? Можа, не дазвалялі ўлады? У мастацкім асяродку ж добра вядома, што Шчамялёў ніколі ня бегаў па кабінэтах начальства і ня клянчыў. Ён займаўся творчасьцю, а творы прабівалася да публікі і без выставаў у Нацыянальным музэі.

На натуральнае з майго боку пытаньне майстра адказаў сьціпла: “Гэта залежала ад многіх прычынаў. Не таму, што я дамагаўся ці не дамагаўся. Я й не дамагаўся. У нас быў Палац мастацтваў. Ён функцыянаваў нармальна. Там больш месца для маіх карцінаў. І я з задавальненьнем выстаўляў там свае працы. Іх паказ быў шырэйшы – і паводле колькасьці, і паводле памераў. Мне здавалася, што там цікавей. Цяпер там вельмі складана выстаўляць: там холад і нейкая неабсталяванасьць”.