Радыё Свабода Аднаму са старэйшых выданьняў Беларусi, тыднёвіку “Лiтаратура i мастацтва”, споўнілася 75 гадоў. Газэта, якая абвясьцiла ў 1932 годзе галоўнай задачай “быць вострай зброяй барацьбы за генэральную лiнiю партыi ў галiне лiтаратуры i мастацтва”, першай зь беларускіх друкаваных СМІ ў свой час і зьняла партыйны лёзунг.
Менавіта беларускі “ЛіМ” у гады перабудовы стаў прыкладна тым жа, чым для Расеі былі “Огонёк”, “Новый мир” і “Московские новости”. У гэты юбілей мы зьвязаліся з чалавекам, які быў галоўным рэдактарам ў 80-я гады –паэтам Анатолем Вярцінскім.
Вярцінскі: “Многія згадваюць “ЛіМ” тых часоў: учора тэлефанаваў Акудовіч, як ён пачаў там друкавацца. Узгадвае Ніл Гілевіч у сваіх “Аўтабіяграфічных нататках”, якія ён друкуе ў “Дзеяслове”, той час. Слова тады было насеньнем – ня проста гукам, які страсае паветра. Мы гатовыя былі, я і мае калегі, і была адпаведна аб’ектыўная сытуацыя”.
Было тры пэрыяды ў “ЛіМе”, калі зь літаратурнага выданьня тыднёвік пераўтвараўся ў грамадзкую трыбуну. У гады рэпрэсіяў 1937-38 гадоў, у часы хрушчоўскай “адлiгi”, у пэрыяд “перабудовы. Толькі “ЛіМ” і “Чырвоная змена” распавялі пра разгон дэманстрантаў на першыя “Дзяды” ў 1988 годзе. Тыднёвік надрукаваў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты: дарога сьмерці” з прадмовай Васіля Быкава. Прычым, менавіта гэты артыкул прайшоў без прэвэнтыўнай цэнзуры.
Але ўсё было ня так проста, кажа Анатоль Вярцінскі: “Цяжэй было з другім артыкулам “Шумяць над магіламі сосны”. Давялося мець размову ў аддзеле культуры ЦК КПБ, Савеце міністраў. Яшчэ было некалькі артыкулаў знакавых: “Закон і вакол закона” – паводле ліста аднаго настаўніка разгарнулася потым дыскусія пра стан беларускай мовы. Або матэрыялы “круглага стала”, прысьвечаныя правам чалавека. Усё ж такі мы тады трымалі лінію”.
Цяпер “ЛіМ” зьмяніўся, адзначаюць чытачы. З газэты творчай інтэлігенцыі, пісьменьніцкай трыбуны ён фактычна ператварыўся ў орган праўрадавага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ачольвае генэрал Чаргінец. Учора Аляксандар Лукашэнка павіншаваў газэту зь юбілеем. Адзін з былых галоўных рэдактараў выданьня ў тэлефоннай размове сказаў, што яму “вельмі шкада, па-чалавечы, па-хрысьціянску шкада цяперашні творчы калектыў тыднёвіка”.
Гаворыць старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Уладзімер Някляеў: “Сёньня “ЛіМ” ня тое, што трохі, а істотна ня тая газэта, якая была. Але гэта ніяк не здымае заслугі “ЛіМу” ў разьвіцьці літаратуры, проста ў станаўленьні таго, што называецца “рухам Адраджэньня”, руху, які прывёў нашу краіну да незалежнасьці. “ЛіМ” насамрэч шмат рабіў, каб энэргетычны штуршок мела і наша творчасьць, літаратура, крытыка. Незалежна ад усяго, я віншую “ЛіМ” як газэту, як факт нашай гісторыі і літаратуры. І мяркую, што будзе яшчэ нейкі Рэнэсанс, і яшчэ не сказана на старонках гэтай газэты апошняе слова”.