Імёны Свабоды: Аляксандар Цьвікевіч 22.61883, Берасьце — 30.12.1937, Менск.

Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.
У кастрычніку 1925 году ў Бэрліне адбывалася Другая Усебеларуская канфэрэнцыя, скліканая з ініцыятывы прэм’ер-міністра эміграцыйнага ўраду БНР Аляксандра Цьвікевіча. Пад узьдзеяньнем посьпехаў палітыкі беларусізацыі ў БССР ён прыйшоў да высновы спыніць дзейнасьць свайго ўраду і прызнаць адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі Менск.

Большасьць удзельнікаў канфэрэнцыі пагадзілася з пазіцыяй Цьвікевіча. Немалую ролю ў гэтым адыграў аўтарытэт прэм’ера, што меў неаспрэчныя заслугі перад нацыянальным незалежніцкім рухам. Палітык, гісторык і філёзаф, здольны публіцыст, Цьвікевіч быў дэлегатам Першага Ўсебеларускага зьезду, дзе рабіў даклад па бежанскім пытаньні. Потым ён узначальваў місію Беларускай Народнай Рэспублікі ў Кіеве, разам з Мітрафанам Доўнар-Запольскім накіроўваў савецкаму ўраду ноту з патрабаваньнем прызнаць незалежнасьць Беларусі і вызначыць яе межы з РСФСР, кіраваў дыпляматычным прадстаўніцтвам БНР у Бэрліне... Прапагандуючы ідэю самавызначэньня беларусаў, Цьвікевіч выдаў у Кіеве “Кароткі нарыс узьнікненьня Беларускай Народнай Рэспублікі” (1918), а ў Бэрліне працу “Беларусь: Палітычны нарыс” (1919). Вялікі розгалас атрымала і найбольш значная яго кніга “Западно-русізм” (1929), прысьвечаная разгляду гэтай інсьпіраванай царскімі ўладамі плыні.

Пасьля Бэрлінскай канфэрэнцыі большасьць вядомых эміграцыйных дзеячоў прыехалі ў БССР, каб браць беспасярэдні ўдзел у будаўніцтве Беларускага дому, пра які яны марылі. З вышыні гістарычнага досьведу, нам лёгка цяпер казаць, што гэта была фатальная памылка, якая аслабіла палітычную эміграцыю. Будзьма памятаць, што вяртаньне Цьвікевіча і ягоных паплечнікаў сталася вынікам пакутлівых развагаў і шчырых імкненьняў, за якія давялося заплаціць жыцьцямі.

У БССР былому прэм’еру знайшлося ўсяго толькі месца кансультанта наркамату фінансаў. Пазьней ён працаваў вучоным сакратаром Інбелкульту і супрацоўнікам акадэмічнага Інстытуту гісторыі. Але працягвалася гэта зусім нядоўга. Справа “Саюзу вызваленьня Беларусі” дала ОГПУ магчымасьць пачаць расправу над квеценьню нацыянальнай інтэлігенцыі.

Асобы маштабу Аляксандра Цьвікевіча ўжо ня мелі шанцаў вырвацца з жорнаў рэпрэсіяў. 5-гадовая высылка ў Перм была працягнутая на два гады, якія ён не пасьпеў дабыць, бо незадоўга да Калядаў 1937-га быў зноў арыштаваны. Празь некалькі дзён, напярэдадні Новага году, яго ўжо вялі на расстрэл...