Імёны Свабоды: Янка Лучына (6.7.1851, Менск — 16.7.1897, Менск. Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках)

Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”
Што можа змусіць беларуса адчуць сябе сынам менавіта гэтай зямлі, спадкаемцам яе гісторыі, мовы, адказным за яе прышласьць? У кожнага быў свой шлях да Беларусі і беларушчыны. Калі казаць пра маіх калегаў-літаратараў, дык у аднаго ўсё пачалося з бабуліных замоваў на амаль незразумелай гарадзкому хлопчыку мове. У другога — з падараванага яму, васьміклясьніку, раману Уладзімера Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, які мой знаёмы доўга не разгортваў, бо анэкдатычна палічыў за кнігу пра мэханізатараў. Адно дзяўчо пачало пісаць файныя вершы, скрозь сьлёзы убачыўшы, як у 1995-м з Дому ўраду здымалі Пагоню.

Прыкладна 100 гадоў таму патомны мянчук, шляхціч, выпускнік Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, інжынэр і крыху паэт, аўтар некалькіх, як ён казаў “вершаплётных пачынаньняў” на расейскай і польскай мовах Ян Неслухоўскі купіў аднойчы квіток у гарадзкі тэатар. На яго сцэне тады гастралявала вандроўная трупа карыфея ўкраінскай драматургіі, рэжысэра й актора Міхайлы Старыцкага.

Разышлася заслона і з сцэны заместа звыклай расейшчыны палілася жывая ўкраінская мова. Той вечар зрабіў на Неслухоўскага калясальнае ўражаньне, ператварыўшы яго ў беларускага паэта Янку Лучыну, які прысьвяціў украінскім артыстам натхнёныя радкі:

Сьпявайце ж, братцы, сьмела і звонка: Ня згіне песьня і Ўкраіна! Будзьце здаровы! Янка Лучына.

Літаратуразнаўцы адзначалі, што з аднаго боку, ягоная душа гарнулася да музы Байрана й Гейнэ, а з другога, прымярала сялянскую сьвітку і грала на вясковай леры, каб на Парнасе яго прынялі за свайго Ян Баршчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. “Па сваіх матывах,— зацеміў філёзаф Уладзімер Конан,— вершы Лучыны — своеасаблівая ўвэрцюра да паэзіі Купалы і Коласа”.

Ён пісаў на трох мовах, але найкаштоўнейшаю ёсьць беларуская частка ягонай спадчыны — яшчэ й таму, што тут ён ішоў насуперак часу і абставінам. “Бяз мэты, г. зн. без надзеі на друкаваньне, мая і без таго кульгавая муза маўчыць, зубы сьцяўшы”,— пісаў ён у хвіліны паняверкі. Слова “кульгавая” не было выпадковым эпітэтам: яшчэ зусім маладым паэт быў спаралізаваны і пасьля лекаваньня мог рухацца толькі з дапамогаю мыліцаў, аднак ня толькі хадзіў на службу ў Менскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі і завітваў у тэатар. Сілы волі хапала яму нават на тое, каб займацца рыбалкай і паляваньнем (што, дарэчы, нарадзіла чуткі, нібыта ягоная хвароба — ня больш, чым таленавітая містыфікацыя).

Янка Лучына марыў быць пачутым. Гэта зьдзейсьнілася ўжо пасьля яго сьмерці, калі ў 1903-м у Пецярбургу беларускім адраджэнцам удалося абвесьці вакол пальца царскага цэнзара і выдаць Лучынаў зборнік “Вязанка” пад выглядам кніжкі на баўгарскай мове.

Не я пяю — народ Божы Даў мне ў песьні лад прыгожы, Бо на сэрцы маю путы І з народам імі скуты...