М.Грыб: “Цукровая вайна пагражае Беларусі ростам самагонаварэньня”

Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі цукровыя камбінаты атрымалі дазвол на рэалізацыю гатовай прадукцыі ў кошт грашовай запазычанасьці перад гаспадаркамі за здадзеныя цукровыя буракі. У сваю чаргу, на месцах мяхамі з цукрам разьлічваюцца з працаўнікамі. Экспэрты папярэджваюць, што такім чынам ствараюцца перадумовы для росту самагонаварэньня.
У вясковай краме вялікай вёскі Капачы на Берасьцейшчыне ад новага году ніхто з тутэйшых жыхароў не набыў нават кіляграма цукру. Прычыну патлумачвае стараста вёскі Сяргей Мосіч:

Мосіч: “Справа ў тым, што цяпер прывезьлі таньнейшы цукар (прыкладна на 15 тысяч рублёў), чым у краме. Давалі на аднаго працаўніка па мяшку. Трэба табе, альбо не – бяры!”

Прымусова замяніў грошы цукрам сваім работнікам сельгаскаапэратыў “Бярозаўскае”. Гаспадарка атрымала больш за 20 тон цукру на Жабінкаўскім цукровым камбінаце замест грашовай аплаты.

Натуральным прадуктам разьлічваюцца цяпер і іншыя вытворцы. Гутару з намесьнікам дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Ігарам Абрамовічам:

Абрамовіч: “Калі яны просяць, зь іхнага жаданьня мы выдаём пэўную колькасьць цукру на пэўную суму. Гаспадаркі бралі і ў лік авансу, і цяпер бяруць”.

Гарадзейскі цукровы камбінат – самы магутны сярод чатырох спэцыялізаваных прадпрыемстваў у Беларусі. Са слоў намесьніка дырэктара Вячаслава Карпача, на складах цяпер больш за 100 тысяч тон цукру. Цікаўлюся, ці ёсьць іншыя магчымасьці продажу, акрамя як збываць калгасьнікам.

Карпач: “Ну, гэта не да нас пытаньне... Што я магу адказаць? Пакуль зрухаў ніякіх”.

А што кажуць шараговыя беларусы пра аплату працы цукрам у мяхах? Адказы запісаныя ля Камароўскага рынку ў Менску.

Спадар: “Ну, мех – гэта занадта. Навошта мне мех цукру?”

Дзяўчына: “Нават не ўяўляю сабе, як гэта можна замест грошай выдаваць людзям цукар – замест заробку. Трэба ж нешта іншае набываць таксама”.

Спадарыня: “Ня ведаю, што адказаць. Гандляваць жа не пайду, бо я настаўніца. Ну, але калі б далі мех цукру, то стаяў бы ён у куце – ды і ўсё.”

Спадар: “Не ўяўляю, што можна зрабіць. Хіба на самагонку выкарыстаць?”

Камэнтуе сытуацыю Мечыслаў Грыб – начальнік упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму ў савецкую эпоху змаганьня з самагонаварэньнем.

Грыб: “Я мяркую, што людзі ня вытрымаюць і будуць выціскаць самагонку. Усіх жа не праверыш. Будуць рабіць на кухнях, у чугунках, як раней. Па-другое, на сёньняшні дзень гэтае зельле зьяўляецца “вадкай валютай”. Салому прывезьці, дапамагчы дроў нарыхтаваць – чым іншым разьлічыцца?..”

Як стала вядома Радыё Свабода на гэты час, у Воршы на станцыі “Ворша-Ўсходняя” і сёньня прастойвалі больш як 10 эшалёнаў з цукрам. Імпарт беларускага цукру ў Расею па-ранейшаму забаронены.