Беларуская клясыка: хто мае поўнае права на поўны збор?

Валянціна Аксак, Менск 8 студзеня 1957 году ЦК КПСС прыняў пастанову аб выданьні поўнага збору твораў Уладзімера Ільліча Леніна ў 55 тамах. Пастанова была пасьпяхова выкананая, але праз пяцьдзесят гадоў гэтыя тамы ў бібліятэках пыляцца незапатрабаванымі. А творы якіх беларускіх аўтараў выдадзеныя поўнымі зборамі ? Якія яшчэ чакаюць свайго выданьня?
Поўным зборам твораў на сёньня ўганараваныя толькі два беларускія клясыкі – Янка Купала і Максім Багдановіч. Цяпер у акадэмічным выдавецтве “Беларуская навука” выдаецца Максім Танк. З абвешчаных трынаццаці выйшла два тамы ягонага поўнага збору.

Прынятае рашэньне аб выданьні ўсяе творчае спадчыны Якуба Коласа, якая ўкладаецца ў дваццаць тамоў. Два зь іх плянуецца выдаць да 125-годзьдзя клясыка.

Паводле ўрадавага рашэньня аб ушанаваньні памяці Івана Шамякіна чакаецца выданьне і ягонага поўнага збору. Хаця выдавецтвам “Мастацкая літаратура” яшчэ пры жыцьці аўтара распачатае шматтомнае выданьне ягоных твораў, і выйшла ўжо восем тамоў.

А вось поўныя зборы твораў якіх беларускіх пісьменьнікаў патрэбна выдаць на думку супрацоўніка выдавецтва “Беларускі кнігазбор” Міхася Скоблы.

Скобла: “Брыль акадэмічны, канечне, павінен быць. Ён будзе запатрабаваны і ўвогуле – гэта клясык без усялякіх скідак”.

Два гады таму Саюз беларускіх пісьменьнікаў распачаў чатырнаццацітомнае выданьне твораў Васіля Быкава, якое было абвешчанае поўным. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля таго, як збор твораў Быкава адмовілася выдаваць выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Але на думку складальніка таго выданьня літаратуразнаўцы Міхася Тычыны новыя выдаўцы не датрымоўваюцца крытэраў поўнага выданьня.

Тычына: “Быў ужо складзены плян-праспэкт, дзе ўсё было прадумана. Раптам пачалася такая катавасія: а давайце так, а давайце гэтак… Апавяданьні зьмяшалі ў адным томе з аповесьцямі, у том з мастацкімі творамі пачалі зьмяшчаць публіцыстычныя выступы. Гэта ўжо парушаецца навуковы прынцып”.

Таму, лічыць спадар Тычына, тыя чатырнаццаць тамоў, шэсьць зь якіх ужо выйшла, – гэта добра. Але ягоны сьпіс пісьменьнікаў, якія заслугоўваюць поўнага збору твораў, пачынаецца менавіта з Васіля Быкава.

Тычына: “Найперш – гэта Васіль Быкаў, гэта Янка Брыль, далей Вячаслаў Адамчык. Уладзімера Дубоўку абавязкова трэба выдаць. Думаю, што Іван Шамякін і Іван Навуменка маюць поўнае права на тое, каб іх выдавалі…”