Васілевіч: Два тэракты – адна рука

  • БелаПАН

Рыгор Васілевіч, Генэральны пракурор

Расьсьледаваньне тэракту 11 красавіка ў менскім мэтро можа быць завершанае на працягу двух месяцаў. Такую думку выказаў 15 красавіка журналістам генэральны пракурор РБ Рыгор Васілевіч, паведамляе Першы тэлеканал.

Генпракурор зазначыў, што злачынства ў сталічным мэтро дапамагло раскрыць справу аб выбуху, які адбыўся ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 году ў Менску.

У межах крымінальнай справы па выбуху 2008 году былі апытаныя 854 сьведкі, правераныя звыш 80 тыс. абанэнтаў сотавай сувязі. Праваахоўнікі правялі 186 аглядаў прадметаў і дакумэнтаў, 509 ператрусаў, былі ажыцьцёўленыя 863 экспэртызы. Апрача гэтага 73 чалавек праверылі на паліграфе, апыталі 117 тыс. чалавек.

Як паведаміў Васілевіч, праз працэдуру дактыляскапіі прайшлі больш за 2 млн. чалавек. Аднак адбіткі галоўнага падазраванага ў цяперашняй справе не ўтрымліваліся ў базе зьвестак. Калі б гэтага чалавека ўдалося дактыляскапаваць, то тэрарыстычнага акту 11 красавіка не адбылося б, таму што адбіткі былі на другім выбуховым прыстасаваньні, якое ў 2008 годзе не спрацавала.

Цяпер менавіта дактыляскапія дае магчымасьць сьледзтву зьвязаць выбух каля стэлы ў Менску ў 2008 годзе і тэракт на станцыі мэтро "Кастрычніцкая" ў красавіку 2011 году.

"Чаму ёсьць упэўненасьць, што гэтая асоба зьдзейсьніла выбух, таму што засталіся адбіткі пальцаў на тым выбуховым прыстасаваньні, якое не спрацавала (у 2008 годзе. — БелаПАН.), другая экспэртыза. Гэта значыць, апрача прызнаньня ўсё сьведчыць пра тое, што гэты чалавек у 2008 годзе ажыцьцявіў той выбух", — растлумачыў генпракурор.