Словы: Гэта – сьвятое

Што ня так называецца, то ня так адбываецца

Неяк “Наша Ніва” вынесла на першую старонку камэнтар чытача, даўшы яму інтрыгоўную назву “Што для Лукашэнкі сьвятое – насельніцтва ці валюта?" Сутнасьць кароткай рэплікі ў тым, што раней прзыдэнт казаў “насельніцтва – гэта сьвятое”, а зараз кажа “золатавалютны запас – гэта сьвятое".

Першае другога, вядома, не адмяняе. Ня тое, што ў іншых выпадках, калі аднойчы згаданы пэрсанаж кажа "саюзная дзяржава – гэта сьвятое", а пасьля "незалежнасьць – гэта самае дарагое і сьвятое, што можа быць у нашага чалавека". А пасьля зноў – "пытаньні абароназдольнасьці саюзнай дзяржавы – гэта сьвятое"...

Справа ўсяго толькі ў дэвальвацыі слова. Сьвятое – ніколі да канца не спазнанае, а таму найвышэйшае. Яно кіруе намі, а ня мы ім. Мы можам толькі верыць у яго. Ад гэтага залежыць, ці будзе ў нашым жыцьці высокі сэнс, ці не: дзень прайшоў – ну й бог зь ім.

Першапачаткова сьвятое – зьвязанае з Богам і боскасьцю, а ў шырэйшым сэнсе – з найвышэйшым роўнем высакародзтва й маральнае чысьціні: сьвятая мэта, сьвятая праўда, сьвяты абавязак, сьвятая свабода. Сьвятое абавязкова бязгрэшнае і не датычнае ні да якога зла. Таму ні насельніцтва, ні золата, ні пытаньні абароназдольнасьці сьвятымі быць ня могуць, як і шмат чаго іншага.

Аднойчы на беларускай мяжы памежнік аглядаў багажнік маёй машыны. А гэта што? – паказаў ён на прыладу для барбэкю. Барбэкю – адказаў я. А-а, -- са смакам усьміхнуўся памежнік, -- барбэкю гэта сьвятое.