Зэк пра тэракт: "Па паняцьцях" крымінальнікі такога ня робяць

Belarus - Barbed wire. Prison, 08mar2009

Тэракт 11 красавіка ў менскім мэтро не пакінуў абыякавымі і тых беларускіх грамадзянаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі. Многія зь іх даведаліся пра падзеі празь перадачы Беларускага тэлебачаньня. Адзін з асуджаных, 35-гадовы Андрэй, які ўтрымліваецца ў Аршанскай калёніі, дазваніўся да нас у рэдакцыю ў праграму "Свабода ў турмах" і выказаў свае спачуваньні ўсім, хто перажыў гэтую трагедыю.

Андрэй паведаміў, што адбывае пакараньне ўжо другі раз. За махлярства. Першы раз прычынай зьняволеньня стала бойка. Мы папрасілі Андрэя як чалавека, дасьведчанага ў крымінальных справах, выказаць сваё меркаваньне наконт падзеяў 11 красавіка.

"Свабода ў турмах": Раней даводзілася чуць, што калі ў Менску ў 2008 годзе здарыўся першы тэракт, тады яго арганізатараў і датычных да арганізацыі шукалі нават у зоне. А менавіта — дапытвалі тых, хто знаходзіўся ў месцах пазбаўленьня волі, асабліва сярод зэкаў, якія праходзілі па справах, зьвязаных са зброяй… Што гэта было, кагосьці знайшлі?

Андрэй: Я ўвогуле не разумею, што гэта было. Можа, сьледчыя так дзейнічалі зь пярэпалаху, ім загадалі кожнага ў турме дапытаць. Даходзіла да таго, што чалавек ужо гадоў 6 як сядзіць. Але ён праходзіць па справе са зброяй. Яму паказваюць гэты фатаробат і пачынаюць высьвятляць падрабязнасьці наконт зброі…

"Свабода ў турмах": Вы лічыце, што людзі са знаёмага вам крымінальнага сьвету да гэтага ня могуць мець дачыненьня?

Андрэй: Ніколі ў жыцьці. Тут 100% сядзельцаў асуджаюць. Падобныя акцыі толькі нелюдзі могуць рабіць. І калі б такі раптам тут апынуўся, то наўрад ці яму б тут жылося неяк утульна. Парвалі б яго тут. Гэтая акцыя накіраваная супраць звычайных цывільных грамадзянаў. Паглядзіце гісторыю. Напрыклад, Расею зь яе тэрактамі. Ніколі крымінальны сьвет ня меў да гэтага дачыненьня. Усе злачынцы, якія жывуць за кошт злачынстваў — розныя крадзяжы, яшчэ штосьці, — у іх ёсьць такія прынцыпы і паняцьці, каб простыя звычайныя людзі не рабіліся ахвярамі.

"Свабода ў турмах": У вас, іншых сядзельцаў ці ёсьць нейкія свае меркаваньні, вэрсіі?

Андрэй: Вось мой погляд. Хоць я шмат чаго магу не разумець. Але проста паглядзім на фон усіх гэтых падзеяў. Захад зьбіраўся ўводзіць нейкія санкцыі. Цяпер ужо ёсьць нейкі маральны бар’ер, і ён не дазволіць увесьці іх у сувязі з трагедыяй. Яшчэ розныя аўтамабілісты зьбіраліся страйкаваць — іх такім чынам папярэдзілі, каб ня рыпаліся. Вядома, што тут будуць розныя абвінавачаньні. Але ж тэракт быў накіраваны супраць простых менчукоў, многія зь якіх галасавалі супраць на выбарах. Пра апазыцыю тут нельга гаварыць. Мы так думаем.

"Свабода ў турмах": Вы дапускаеце, што падобныя тэракты могуць прывесьці да абвастрэньня становішча з крыміналам у краіне?

Андрэй: Выбух злачыннасьці ідзе, калі эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Як было ў 1990-х, як цяпер, у сувязі з падаражэньнямі, зь недахопам валюты. Але ж пасьля такіх выпадкаў, калі хтосьці адчувае, што ў праваахоўнікаў ёсьць да яго пэўныя пытаньні, то ён зьнікае з далягляду.

"Свабода ў турмах": Я сама стала сьведкай таго, што ў перапоўненым тралейбусе — гэта было пасьля тэракту — у аднаго хлопца скралі партманэ з грашыма. Ці шчыпачы могуць такім чынам скарыстоўваць сытуацыю?

Андрэй: Я ня ведаю нікога з такіх дасьведчаных і салідных шчыпачоў, якія б гэтым займаліся. Каб зараблялі на гэтым на жыцьцё ў грамадзкім транспарце. Хіба што яму захацелася адрэналіну і стала сумна, і ён падумаў, ці ня спраўдзіць, што навыкі ягоныя ня страціліся. Цяпер гэтым на хлеб ніхто не зарабляе. Хто за гэта сюды трапляе, дык у асноўным гэта няшчасныя наркаманы, якім трэба на дозу. Ідуць у тралейбусы, каб штосьці выхапіць і зьбегчы.

Інтэрвію Андрэя вы зможаце паслухаць у штонядзельнай праграме "Свабода ў турмах"