ЭЗ абмеркаваў эканамічныя санкцыі супраць Беларусі

Краіны Эўразьвязу абмеркавалі сёньня ў Люксэмбурзе ўвядзеньне эканамічных абмежаваньняў супраць кампаніяў, зьвязаных з найбліжэйшым атачэньнем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Ёзьвяк.

Чальцы Рады міністраў замежных спраў ЭЗ, аднак ня здолелі прыйсьці па гэтым пытаньні да згоды.

Шэраг краінаў Эўразьвязу, у прыватнасьці Італія, Грэцыя ды Латвія, выказваюць сумневы ў мэтазгоднасьці эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, указваючы на тое, што ад іх могуць пацярпець звычайныя грамадзяне краіны.

Мая Коц'янчыч, прадстаўніца ачольніцы замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Кэтрын Эштан, у інтэрвію Радыё Свабода, пацьвердзіла гатовасьць Брусэлю да далейшых санкцыяў, у тым ліку эканамічных, зазначыўшы, аднак, што канчатковага рашэньня па гэтым пытаньні найбліжэйшым часам не прадбачыцца.

Кац'янчыч дадала, што ЭЗ працягне сачыць за падзеямі ў Беларусі з тым, каб перагледзець сваю пазыцыю ў лепшы бок – у выпадку паляпшэньня сытуацыі, або разгледзець магчымасьць новых санкцыяў.

Наступнае паседжаньне Рады ЭЗ адбудзецца ў траўні.