«Пакуль ня вызваляць палітвязьняў, ніякіх кантактаў зь беларускімі ўладамі ня будзе»

Сініка Хурскайнэн

Памяць ахвяраў тэракту ў менскім мэтро 12 красавіка ўшанавалі на пачатку ранішняга пасяджэньня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры, а таксама ў Люксэмбургу на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу. Аднак беларуская тэматыка не абмежавалася толькі гэтым.

На закрытым для прэсы пасяджэньні палітычнага камітэту ПАРЭ адбыліся слуханьні па сытуацыі ў Беларусі. У сваёй справаздачы дакладчыца ПАРЭ па гэтай тэматыцы Сініка Хурскайнэн (Фінляндыя) выказала заклапочанасьць палітычна матываванымі крымінальнымі справамі, катаваньнямі зьняволеных, працэдурнымі парушэньнямі падчас расьсьледаваньня і судовых працэсаў, а таксама выкананьнем сьмяротных прысудаў у Беларусі. У зьвязку з гэтым, заявіла дакладчыца, кантакты ПАРЭ зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні павінны пакуль застацца замарожанымі. Адначасова, адзначыла спадарыня Хурскайнэн, Асамблея павінна працягнуць дыялёг з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які выступіў на слуханьнях:

Алесь Бяляцкі
«Тое, што кажам мы, і тое, што падтрымліваюць дэпутаты, адназначна: пакуль ня будуць вызваленыя палітычныя зьняволеныя, наагул ніякіх кантактаў зь беларускімі ўладамі ня будзе».

На пасяджэньні паліткамітэту прысутнічала каля ста ўдзельнікаў: вельмі многа парлямэнтароў, а таксама прадстаўнікі Эўразьвязу і АБСЭ.
Пакуль ня будуць вызваленыя палітычныя зьняволеныя, наагул ніякіх кантактаў зь беларускімі ўладамі ня будзе.


«Нашы тэмы тычыліся найперш сытуацыі з палітычнымі вязьнямі і агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне. Дэпутаты пыталіся найперш, што ў гэтай сытуацыі Рада Эўропы можа зрабіць, каб паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі».

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Алена Танкачова і іхні расейскі калега Андрэй Юраў сустрэліся таксама з камітэтам, створаным ПАРЭ па падзеях 19 сьнежня ў Беларусі. Ён складаецца з парлямэнтароў розных фракцый, а ачольвае яго прадстаўнік Чэхіі Томаш Ірса.

Бяляцкі: «Нам падаецца, што гэта вельмі цікавы крок, бо задача гэтага камітэту — правесьці расьсьледаваньне, што насамрэч адбылося 19 сьнежня і пасьля ў Менску. Задача даволі важная, бо ня мелі міжнароднай структуры, якая ў прынцыпе займалася гэтым пытаньнем. У нас была сустрэча. Мы выказвалі свае думкі адносна працы гэтага камітэту, а яны дзяліліся сваімі сумневамі і засьцярогамі, крокамі, якія яны зьбіраюцца рабіць. Засьцярогі іх тычыліся эфэктыўнасьці працы, бо яны падазраюць, што беларускія ўлады ня будуць моцна супрацоўнічаць з гэтым камітэтам».

Ці паўплываў неяк тэракт у менскім мэтро на абмеркаваньне? Паводле Бяляцкага, дэпутаты цікавяцца, як гэтая падзея можа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі:

«Праводзячы паралелі з 2008 годам, мы выказваем засьцярогі, што ўлады могуць выкарыстаць гэтую сытуацыю для чарговага вітка эскаляцыі. Барацьба з тэрарыстамі можа перарасьці ў барацьбу з грамадзянскай супольнасьцю і палітычнымі апанэнтамі. Наша засьцярога сустрэла поўнае разуменьне з боку дэпутатаў».

Сытуацыя ў Беларусі будзе абмеркаваная і на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Люксэмбургу. На ім будзе разглядацца і пытаньне пра эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску, аднак канкрэтнага рашэньня сёньня не чакаецца. Наконт гэтых санкцыяў сярод сябраў ЭЗ пакуль няма кансэнсусу.