Паўлаў: Пакуль што ніводны з заплянаваных канцэртаў не сарваўся

Піт Паўлаў

Ад панядзелка да пятніцы ў студыі "Свабоды" — героі "чорнага сьпісу", складзенага ўладамі. Музыкі, паэты, празаікі, філёзафы, якія ў Беларусі пазбаўленыя канцэртнай сцэны, доступу да дзяржаўнага тэлебачаньня, радыё, друку, ад наступнага панядзелка — штодня ў ранішнім і начным эфіры "Свабоды". У "чорным сьпісе" ўладаў — 8 імёнаў беларускіх музыкаў і гуртоў: "Ляпіс Трубяцкой", "Палац", "Крама", "N.R.M.", "Neuro Dubel", "Крамбамбуля", "Нака", сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.
Гэтыя музыкі дасягнулі максымальна магчымага посьпеху, як для беларускай рок-каманды. Больш за 15 год яны зьбіралі нязьменныя аншлягі на кожным канцэрце, а на фэстывалях выступалі выключна ў статусе хэдлайнэра.

Яны мелі шалёныя непадкантрольныя продажы альбомаў і нават стварылі сваю Рэспубліку, віртуальную, але з пашпартамі, статутам і разьмеркаваньнем міністэрскіх партфэляў.

Яны адчулі тую самую народную любоў, калі падлеткі перапісваюць адзін у аднаго акорды песень, хуценька развучваюць і на дадзяўбанай гітары "Барысаўдрэў" спрабуюць выканаць як мага бліжэй да арыгіналу. Дзясяткі іхніх твораў сталі гітамі агульнанацыянальнага маштабу — аж да таго, што хоць трохі абазнаны замежнік, пачуўшы назву краіны "Беларусь", пачынае напяваць прыпеў з "Трох чарапах". І гэта ўсё стала магчымым нягледзячы на тое, што на нацыянальным тэлебачаньні ды на нашых "эфэмках" іх творчасьць ніколі асабліва не шанавалі. Хоць пэўны час такі пэрыяд і быў…

Маё пытаньне госьцю праграмы "Белы сьпіс свабоды", удзельніку гурту N.R.M. Піту Паўлаву. Ці няма ў вас тугі па тым часе, калі гурт абсалютна спакойна даваў канцэрты нават на адкрытых пляцоўках у самым цэнтры Менску, калі па БТ паказвалі вашы выступы і кліпы, калі вашы твары не сыходзілі са старонак як незалежнай, так і дзяржаўнай прэсы?

(Паўлаў): Некаторая туга ёсьць па тых часох. Па-першае, мы былі маладзейшыя, па-другое, больш энэргічныя, па-трэцяе, сам гурт быў малады, а малады гурт заўсёды выдае звышновае, звышмоднае. Безумоўна, мэдыйная падтрымка таксама дапамагала. Але, як ні дзіўна, зараз такі час, што ўсё абнулілася, і мы пачынаем спачатку. Ізноў мы на старце, ізноў ідзем па тонкім лёдзе. Цяперашні час мне таксама падабаецца. Для нашага гурту менавіта.

(Будкін): Гэта пэўна, што N.R.M. добра пачуваецца ў беларускай прасторы і ўсё, пра што пяецца ў вашых песьнях, блізка і зразумела нашаму слухачу. Але як успрымаюць гурт наведнікі замежных канцэртаў?

(Паўлаў): Гэта залежыць ад краіны. У тых славянскіх краінах, дзе мы гралі, хапаюць кавалкі тэксту, ключавыя словы і падключаюцца да сьпеваў. Некаторыя наагул пачалі вучыць беларускую мову, дзякуючы таму, што ў буклетах мы пісалі тэксты песень лацініцай. Для чэхаў і палякаў гэта быў лёгкі пераход.

(Будкін): Канцэртная актыўнасьць гурту за мяжой якраз прыпала на час існаваньня ранейшага "чорнага" сьпісу ў 2003—2007 гг. Ці вы калі-небудзь задумваліся над пытаньнем — а ці можа ўяўляць інтарэс N.R.M. за мяжой без гэтай аўры "забароненасьці"?

(Паўлаў): Я ўпэўнены, што можа. Мы гралі ў Бэрліне і на афішах панапісвалі пратэстных рэклямных слоганаў. Клюб быў набіты немцамі. Тады перад намі грала амэрыканская каманда, а мы былі хэдлайнэрамі. Пасьля канцэрту да нас у грымёрку прыйшлі тыя амэрыканцы. Яны не разумелі ніводнага слова з нашых песень, і іх не цікавіла пратэстная частка. Яны прыйшлі, каб пашанаваць наш гурт, які, на іх думку, лепшы за іхні. А вось я ўпэўнены, што калі бы іх гурт прыехаў у Беларусь, то нашы снобы ад музыкі зрабілі б з гэтага сэнсацыю. І мне яны спадабаліся, але для публікі і для нас саміх было відавочна, што N.R.M. — лепшы.

(Будкін): У апошнія некалькі гадоў гурт ня надта актыўнічаў. І сёлета ў лютым вы заявілі, што актывізуецеся. Штопраўда, безь Лявона Вольскага. Ці вы мяркуеце, што разьвіцьцё N.R.M. магчымае бяз фронтмэна? А ці будзе гэта той гурт, які так горача любілі?

(Паўлаў)
: Разьвіцьцё гурту бяз фронтмэна немагчымае. У нас проста будзе іншы фронтмэн. Разьвіцьцё гурту ня толькі магчымае, але і відавочна зараз ідзе. Мы знаходзімся ў добрай форме, і публіка нас прымае вельмі прыязна. Мне цяжка ацэньваць нашы новыя песьні, але яны, на мой погляд, напісаныя, як лепшыя "энэрэмаўскія". Не скажу, што яны лепшыя за самыя лепшыя. Я ацэньваю ранейшую творчасьць N.R.M. вельмі высока, таму пераплюнуць, пэўна, ня ўдасца. Таму мы спрабуем павесьці трошкі ў іншы бок, больш зазірнуць у сябе саміх, дасьледаваць уласную прастору. І ў музычным пляне мы лепш граем, бо больш рэпэтуем.

(Будкін)
: Вы сказалі, што будзе фронтмэн. Вы самі бераце на сябе лідэрскія абавязкі?

(Паўлаў): Ніхто не бярэ на сябе абавязкаў. Фронтмэнаў плянуюць толькі ў бойз-бэндах, у рок-гуртах ён зьяўляецца сам па сабе ў выніку канцэртнай дзейнасьці. На сёньня ў гурце N.R.M. заяўлена тры фронтмэны — гэта Алезіс Дземідовіч, Юрась Ляўкоў і Піт Паўлаў, а хто зь іх зробіцца яўным фронтмэнам, пакуль яшчэ невядома.

(Будкін): Калі зьявілася інфармацыя пра "чорны сьпіс", вы якраз заплянавалі тур па Беларусі. Выйшла, што вашы канцэрты неспадзявана сарваліся?

(Паўлаў): Пакуль што ніводзін з заплянаваных канцэртаў не сарваўся. Толькі адклалася зьяўленьне N.R.M. у праграме "Музычны рынг". З адных крыніц мне сказалі, што гэта дзякуючы таму "чорнаму сьпісу", але калі я зьвярнуўся да вышэйшай інстанцыі, мне патлумачылі, што ўсё перанеслася, каб падабраць для нас лепшую пару. Абяцалі, што ўвесну зьявіцца праграма з нашым удзелам. Досыць скептычна стаўлюся да абяцаньня, але гэта тлумачэньне кіраўнікоў каналу СТВ.

(Будкін): Фармат вашага далейшага існаваньня — гэта чаканьне?

(Паўлаў): Мы зараз пішам новы альбом, плянуем тур, дзе ўжо набрана пэўная колькасьць беларускіх і польскіх гарадоў, і плянуем зьявіцца ў мэдыях, у тым ліку дзяржаўных. І будзем глядзець, што з гэтага адваліцца.

(Будкін)
: Пры канцы размовы прапаную госьцю "Белага сьпісу Свабоды" даць невялічкі анплагд. Піт, прадстаўце песьню, якую зьбіраецеся зайграць зараз у эфіры "Свабоды".

(Паўлаў): Мне было досыць цяжка абраць песьню. Вагаўся паміж новым і тым, да чаго і людзі, і я сам прызвычаіліся. І ўсё ж я пакажу песьню, што ўвойдзе ў новы альбом N.R.M. У яе яшчэ пакуль няма назвы. Яна будзе звацца альбо "Да пабачэньня", альбо "Прывітаньне" (сьмяецца).

Your browser doesn’t support HTML5

"Белы сьпіс". Піт Паўлаў