Будзімір: «Я проста ня ведаў, як іначай...»

фота: nn.by

8 красавіка – дзясяты дзень бестэрміновай галадоўкі блогера Будзіміра, які на працягу апошніх двух гадоў аглядаў на сайце svaboda.org беларускую благасфэру. Будзімір расказвае ў «Начной Свабодзе» пра прычыны галадоўкі, пра свае патрабаваньні і пра ўмовы спыненьня акцыі.

Знаткевіч: Як вы сябе адчуваеце на дзясяты дзень галадоўкі?

Будзімір: Сёньня нешта цяжкавата. Ну, можа гэта з надвор'ем зьвязана, бо я мэтэазалежны. Але гэта дзясяты дзень, я нешта такое адчуў, што арганізм нібыта замірае, я нават спалохаўся. Ну але трымаюся – што рабіць...

Знаткевіч: Ёсьць нейкія болі, адчуваеце нейкую слабасьць? Якія сымптомы?

Будзімір: Слабасьць. Ну і з сэрцам стала троху цяжэй, бо ў мяне ўвогуле праблемы з сэрцам былі і да таго, і вось тут сэрца ўжо адчуваецца.

Знаткевіч: Ці аглядалі вас мэдыкі апошнімі днямі?

Будзімір: Не, я жыву ў арандаванай кватэры, я тут не прапісаны, мая паліклініка ў іншым канцы гораду, мне туды езьдзіць далёка, і ў гэтым цяжкасьць становішча. А выклікаць хуткую дапамогу пакуль што няма прычынаў. Мне прапанавала, у прыватнасьці, маці Мікіты Ліхавіда свайго знаёмага лекара і казала: калі што – зьвяртайцеся, мы адразу ж прыедзем. Але я пакуль што не зьвяртаўся.

Знаткевіч: 49-гадовы Сяргей Малалеткін галадуе ў Воршы восьмы дзень. Але ягоная галадоўка праходзіць пад дэвізам "15 дзён голаду — замест 15 сутак арышту". Гэта галадоўка салідарнасьці са зьняволенымі за ўдзел у леташнім пратэсьце, але спадар Малалеткін адразу абвясьціў тэрмін – ён зьбіраецца спыніць галадоўку 15 красавіка. Вы пра такія тэрміны не казалі. Што магло б вас прымусіць спыніць галадоўку? Якія вашыя патрабаваньні?

Будзімір: Мае патрабаваньні – перагляд прысуду Мікіту Ліхавіду. Я лічу, што пакараньне абсалютна не адпавядае ягоным дзеяньням, яно палітычна матываванае. Я заступіўся менавіта за яго як за самага малодшага з ужо асуджаных па справе аб Плошчы.
Мае патрабаваньні – перагляд прысуду Мікіту Ліхавіду.
Што б прымусіла мяне спыніць галадоўку? Ягонае вызваленьне. Я лічу, што ягоная справа мусіць быць перагледжаная ў бок зьмякчэньня, як гэта ўжо адбылося зь некаторымі фігурантамі – у іх цяпер справа за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Справа Мікіты таксама магла б быць перагледжаная ў гэты бок. Ён бы ўжо мог быць і вызвалены, бо адседзеў ужо больш за тры месяцы.

Знаткевіч: Хто адрасат галадоўкі? Які орган улады мог бы выканаць вашыя патрабаваньні? Ці адрасат усё беларускае грамадзтва?

Будзімір: Найбліжэйшымі днямі я дашлю ліст у суд. Безумоўна, я не юрыст, не праваабаронца, я – чалавек юрыдычна недасьведчаны, таму гэта хутчэй будзе такое можа нават і не патрабаваньне, а маральны заклік. Я папярэджу, што галадоўку я распачаў, скажу чаму, папрашу далучыць гэты ліст да справы Мікіты. Гэта будзе заклік да іх сумленьня. Ліст я накірую ў суд. Мажліва, калі ў гэтым ёсьць сэнс, таксама ў Генпракуратуру. І яшчэ ў мяне ў плянах – больш разгорнуты ліст ужо да грамадзкасьці, які да ўладаў, напэўна, таксама дойдзе. Пісаць асабіста Лукашэнку – мы тут параіліся з жонкай,
Лукашэнку я вырашыў не пісаць.
зь сям'ёй – я вырашыў гэтага не рабіць, бо кандыдатаў у прэзыдэнты гэта рабіць прымушалі. Яны пад прымусам пісалі яму лісты. А пісаць яму добраахвотна, пагаджаючыся з тым, што ён – адзіны чалавек, які ў краіне нешта вырашае, мне не хацелася б.

Знаткевіч: Але ж праблема яшчэ і ў тым, што суд і пракуратура – гэта грувасткія бюракратычныя структуры. Пакуль яны атрымаюць вашыя лісты, нават калі яны будуць жадаць нейкім чынам на гэта адрэагаваць, там няма пэрсаналізаванай адказнасьці – ці не баіцеся вы, што да таго часу стан вашага здароўя можа вельмі моцна пагоршыцца?

Будзімір: Я баюся, баюся любых нечаканасьцяў, я свайго арганізму дакладна ня ведаю, я не прафэсійны галадоўшчык, ня ёг, не аскет дагэтуль ніколі не галадаваў. Але я думаю, яны ўжо ведаюць пра гэту галадоўку, яны канешне ж манітораць незалежныя СМІ, да іх гэтая інфармацыя так ці іначай дайшла, і хочацца спадзявацца, што гэта неяк паўплывае пазытыўным чынам. Мяне вось сёньня натхніла навіна пра Каваленку – усё ж ён дамогся свайго, яго сёньня прынамсі часова выпусьцілі, і гэта адбылося ў выніку галадоўкі. Таму ў мяне таксама ёсьць надзея.

Знаткевіч: Наколькі вы маеце падтрымку, адчуваеце салідарнасьць іншых людзей?

Будзімір: Так, безумоўна, прынамсі з боку блогераў – гэта той асяродак, які для мяне ўжо стаў родным. Так, канешне, адчуваў. А па-за межамі сеціва – ад маці Мікіты Ліхавіда, яна тэлефанавала і вельмі дзякавала мне,
Наша краіна ператварылася ў канцлягер.
хаця насамрэч пакуль няма за што, і казала, што вось гэтая мая акцыя, мая галадоўка, сталася для іх значнай падтрымкай. А гэта ўжо дасягненьне само па сабе. Яна распавяла і Мікіту пра маю галадоўку – для яго гэта была падтрымка.

Знаткевіч: Расейскі дысыдэнт Сяргей Кавалёў казаў, што на галадоўку мае сэнс ісьці, калі не застаецца іншых мэтадаў барацьбы. Звычайна такое можа быць у зьняволеньні. Ці лічыце вы, што ў цяперашняй Беларусі іншых мэтадаў барацьбы няма і на волі?

Будзімір: Я думаю, што я ня першы гэта скажу – наша краіна па адчуваньні ператварылася ў канцлягер. У нас не засталося ніякіх іншых мэтадаў. Толькі такія радыкальныя, адчайныя крокі.

Знаткевіч: Бестэрміновая галадоўка, калі чалавек намераны ісьці да канца – гэта фактычна павольнае самагубства. Вы калі абвяшчалі галадоўку, далі ў сваім блогу цытату – я яе крыху перафразую – што калі ня можаш вяртаць жыцьцё, дык не сьпяшайся асуджаць на сьмерць. Але ж гэта тычыцца ня толькі чужых жыцьцяў, але і ўласнага. Ці вы ня лічыце, што пасьпяшаліся з абвяшчэньнем галадоўкі?

Будзімір: Я проста ня ведаў, як іначай. Як працягваць жыць, абмяжоўваючыся сваімі прыватнымі праблемамі, калі ў нашай краіне некалькі дзясяткаў палітзьняволеных. Прынамсі, я хацеў сябе паставіць таксама ў такія самыя цяжкія ўмовы, ну,
Я не магу жыць, ведаючы, што ў мяне пад бокам пакутуюць людзі абсалютна ні за што.
прынамсі нечым падобныя цяжкія ўмовы, у якіх знаходзяцца яны. Я не магу так жыць, ведаючы, што ў мяне пад бокам, у адным са мной горадзе, пакутуюць людзі, большая частка зь якіх – абсалютна ні за што. Некаторыя проста паводле сфабрыкаванага абвінавачаньня – як Дашкевіч і Лобаў.

Знаткевіч: Ёсьць нейкая задача-мінімум, пасьля выкананьня якой галадоўку можна было б спыніць?

Будзімір: Кардынальна патрабаваньняў я зьмяняць ужо канешне ня буду, гэта было б проста сьмешна – ну там пераарыентавацца на кагосьці іншага. Але калі Мікіту прынамсі зьменшаць гэты прысуд або перакваліфікуюць гэты артыкул на «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» - я б гэта лічыў ужо дасягненьнем і галадоўку ў такім выпадку быў бы гатовы спыніць.