У Берасьці зьявіцца яшчэ адна беларускамоўная кляса

  • БелаПАН
Яна пачне працаваць у пачатковай школе №34 у новым навучальным годзе.

Як паведаміла БелаПАН намесьніца загадчыка вучэбна-мэтадычнага кабінэту аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця Ніна Дрык, рашэньне аб адкрыцьці клясы прынятае аддзелам адукацыі.

"Кадры і адпаведная матэрыяльная база ёсьць. Пакуль у нас ёсьць адна заява на залічэньне ў гэтую клясу. Мы запрашаем бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзеці-першаклясьнікі вучыліся на беларускай мове, зьвяртацца ў школу №34. На даручэньне кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Аляксандра Рагачука найбліжэйшым часам будзе дадзеная інфармацыя пра адкрыцьцё такой клясы ў мясцовыя СМІ", — сказала Дрык.

Паводле яе словаў, гэта будзе першая беларускамоўная кляса ў раёне. Пры жаданьні бацькоў такіх клясаў у гэтай школе можа быць больш.

Як паведаміла БелаПАН начальніца аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця Алена Бярковіч, на тэрыторыі раёну працуе беларускамоўная гімназія №3. У новым навучальным годзе там традыцыйна пачнуць займацца дзьве першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня.