Уладзімер Колас: Задача адукацыі – сяўба

Уладзімер Колас

У польскім Гданьску рыхтуецца да адкрыцьця ліцэй, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Клясы зь беларускай мовай навучаньня, якія адпавядаюць 8-11 клясам беларускай сярэдняй школы, пачнуць працу з 1 верасьня гэтага году. Ліцэй будзе існаваць за кошт польскага бюджэту.

Мы зьвязаліся з Уладзімерам Коласам, заснавальнікам Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які быў закрыты ў 2003-м годзе і фактычна апынуўся ў падпольлі.

Знаткевіч: На каго найперш разьлічаны ліцэй ў Гданьску -- на беларусаў, што жывуць у Польшчы, ці на дзяцей зь Беларусі?

Колас: Ён адначасова разьлічаны і на палякаў, і на беларусаў, і на ўсіх, хто жадае навучацца на беларускай мове. Безумоўна, гэта перад усім беларусы, потым польскія беларусы.

Знаткевіч: Але юрыдычна для беларускіх грамадзян ёсьць магчымасьць прыехаць і вучыцца ў гэтым ліцэі, так?

Колас: Безумоўна. Паколькі польскае заканадаўства дазваляе грамадзянам замежных краін атрымліваць сярэднюю адукацыю і нават атрымліваць датацыі той навучальнай установе, дзе вучацца гэтыя грамадзяне.

Знаткевіч: Ці можна сказаць, што новы ліцэй будзе фактычна базаю для Коласаўскага ліцэю, закрытага ўладамі ў Менску?

Колас: Я думаю, можна так казаць. Хаця гэта будзе ня тое самае, што Беларускі гуманітарны ліцэй.

Знаткевіч: Спадар Колас, сярод выпускнікоў ліцэя ёсьць розныя людзі. Ёсьць, напрыклад, і судзьдзя Вольга Комар, якая вынесла прысуд аднаму з удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня мінулага году спадару Парфянкову, дала яму чатыры гады турмы. Выходзіць, яна забылася на пэўныя прынцыпы, якім навучалі ў ліцэі.

Колас: Ніхто не пазбаўлены ад нечаканасьцяў, ад браку. Гэта нават не пэдагагічны брак. Тая сыстэма, у якую трапляюць нашы выпускнікі, яна таксама ўзьдзейнічае, і вельмі эфэктыўна, на чалавечыя душы, на асобы. Таму мы ня лічым, што даем стопрацэнтовую гарантыю. Мы сеем, разумееце? Задача адукацыі – гэта сяўба. А тое, што ўзыходзіць, залежыць і ад шмат якіх іншых фактараў.

Слухаць гутарку цалкам:

Размова з Уладзімерам Коласам. 5 красавіка 2011 году.

Your browser doesn’t support HTML5

Размова з Уладзімерам Коласам. 5 красавіка 2011 году.