САМ-НАСАМ З ЧАСАМ
ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: «ЗАМОЎЧВАЮЧЫ 25 САКАВІКА, УЛАДА ПАДТОЧВАЕ СВАЕ КАРАНІ»
У беларускім афіцыйным календары «Родны край-2011» няма такой даты, як Дзень волі 25 Сакавіка. Хтосьці гэтым «звычайным буднем» нарадзіўся, камусьці адзначаецца сумнеўная «105-я гадавіна», а пра нараджэньне БНР — ні слова. Якія ж сьвяты і даты прапануе нам сьвяткаваць Міністэрства інфармацыі, на чыю замову выдадзены гэты каляндар? Па нашай просьбе яго ўважліва прачытаў пісьменьнік і архівіст Язэп Янушкевіч.
Міхась Скобла: «Язэп, памятаецца ці не адзінкавы выпадак, калі Дзень волі, Дзень 25 Сакавіка быў адзначаны на дзяржаўным узроўні. Гэта было 75-годдзе БНР у Белдзяржфілярмоніі, з удзелам першай асобы дзяржавы — Станіслава Шушкевіча. Што страчвае Рэспубліка Беларусь, фактычна ігнаруючы гэты дзень?»
Язэп Янушкевіч: «Я добра памятаю той сакавіцкі дзень з урачыстай атмасфэрай. Выразна ён згадваецца ці не таму, што мне пашчасьціла прысутнічаць на тым урачыстым пасяджэньні: я сядзеў у паўнюткай залі ў адным шэрагу з тагачасным старшынём Беларускай Народнай Рэспублікі, маім цёзкам, Язэпам Сажычам. Здавалася тады, што так усталюецца назаўжды: дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі будзе адзначацца па-дзяржаўнаму. Азіраючыся ў недалёкае мінулае, усьведамляеш: ігнаруючы гэты дзень, замоўчваючы яго, дзяржаўная ўлада тым самым падточвае ўласныя карані, бо гэтая дата належным чынам не засвойваецца, не адбіваецца ў сьвядомасьці людзей як сьвяточная дата. Большасьць людзей лічыць, што нашая незалежнасьць пачалася з 1991 году, а ў сьвядомасьць электарату ўдзёўбваецца яшчэ «маладзейшая» дата — са дня жнівеньскіх выбараў 1994 году… Ігнаруючы 25 Сакавіка, улада тым самым ігнаруе памяць пра сваіх дзяржаўных папярэднікаў.
Ігнаруючы 25 Сакавіка, улада тым самым ігнаруе памяць пра сваіх дзяржаўных папярэднікаў.
Скобла: «Сёньня выходзіць безьліч самых розных календароў. Але афіцыйны, пад назвай «Родны край», выдадзены дзяржаўным выдавецтвам «Беларусь», — ці не адзіны, які зьяўляецца настольным і для дырэктара Дому культуры, і для рэдактара абласной ці раённай газэты, і для бібліятэкара… «Родны край-2011», якое ўражаньне ён на цябе зрабіў?
Янушкевіч: «Не асьмелюся назваць яго настольным. Старонкі ягоныя найчасьцей адрываліся, таму традыцыйна ён яшчэ называўся „адрыўным“. Раней „Родны край“ вельмі любіла старэйшае пакаленьне (скажам, мой тата). Гэта быў сямейны каляндар, з дапамогаю якога лёгка вызначалася, што там цяпер на небе: маладзік ці пайшло на поўню? Былі там пазначаныя і народныя сьвяты. Цяпер „Родны край“ хіба зьнешне, фарматам, нагадвае стары насьценны каляндар. Зь іншага боку, можа так і лепей, яго можна потым паставіць на кніжную паліцу, як кнігу. Пытаньне толькі — які зьмест у той кнізе».
Скобла: «Ці ёсьць нейкая лёгіка ў падборы датаў і сьвятаў у „Родным краі“? Што забываецца, а што, наадварот, афішуецца?»
Янушкевіч: «Кідаецца ў вочы пэўная тэндэнцыйнасьць і неразумная лёгіка. Тэндэнцыйнасьць складальніцы Алены Шагун бачыцца ў падборы малавядомых імёнаў, важкае суседзіць з трэцярадным. Шмат асобаў пазначана (проста як панапіхана) пад такім дзіўным «105-гадовым юбілеем» (які анідзе ў сьвеце не сьвяткуецца): Атрошчанкі-тэатразнаўца, М.Краўцова (расейскага (!) фальклярыста), акторкі М. Бялінскай, дырыжора М. Клаўса. Адзначаюцца «110-годдзе беларускага празаіка, драматурга» У. Глазырына (ці чуў хто пра такога?), 115-годдзе кнігазнаўцы А.Сідарава, 135-годдзе героя Савецкага Саюзу Я. Клумава, 145-годдзе расейскага сьпевака В. Цьвяткова… Забываецца ж у «Родным краі»-2011 найперш жывое, роднае й дарагое. Да прыкладу, прапушчаны юбіляры паэты Ніл Гілевіч (30.09) і Анатоль Вярцінскі (18.11) — ім сёлета абодвум па 80 гадоў. У календары-2011 пераважна «адны нябожчыкі». Прамінулася непазначаным 150-годзьдзе першага нашага акадэміка, яшчэ за часы царызму, Яўхіма Карскага. Гартаючы лісткі календара, бачыш з аднаго боку прагрэс, быццам мы ўжо «не саўковая» нацыя, незалежная, пра што 04.04. нагадвае 115-гадавіна кампазытара-эмігранта Міколы Шчаглова-Куліковіча, ці такая ж самая гадавіна філёзафа Ігната Канчэўскага (18.05). З другога боку — істотна не дагаворваем, падаючы 75-годдзе Івонкі Сурвілы (11.04.) толькі як «беларускага мовазнаўца, мастака» і не называючы яе як старшыню Рады БНР.
З другога боку — істотна не дагаворваем, падаючы 75-годдзе Івонкі Сурвілы (11.04.) толькі як «беларускага мовазнаўца, мастака» і не называючы яе як старшыню Рады БНР.
Скобла: «З часоў „Нашай нівы“ календары, як правіла, зьмяшчалі і літаратурныя творы. Не парушае гэтую традыцыю і „Родны край“. Што ты можаш сказаць пра паэтычныя творы, надрукаваныя ў сёлетнім календары?»
Янушкевіч: «Назваць іх „паэтычнымі“ не паварочваецца язык. Дакладней — гэта рыфмаванкі, скляпаныя Міколам Чарняўскім ды Ўладзімерам Мацьвеенкам. Напрыклад, вось што рэкамэндуецца „пачытаць дзецям“: „Былі ў барана / Яго жонка і брат, / І мелі ўсе трое / Па двое ягнят. / Вось і скажы нам, / Малы матэматык, / Колькі было там / Маленькіх ягнятак?“. Адказ падказваецца — „чацьвёра“ а насамрэч — ці не шасьцёра? Бо выступаюць тут тры пэрсанажы: баран, „яго жонка“ і „брат“ барана. Яўных жа факталягічных памылак у календары няшмат: скажам, Мар’ян Зьдзяхоўскі нарадзіўся ня ў Ракаве, а ў Навасёлках, якія належалі тым самым Зьдзяхоўскім (гэтая памылка гуляе па айчынных энцыкляпэдычных выданьнях зь лёгкай рукі майго земляка Вячаслава Рагойшы, які таксама нарадзіўся ня ў Ракаве, а ў суседніх Пярэжарах). Калі быць уважлівым, заўважыцца, што на 02.07 прыпадае 225-годзьдзе Івана Лабойкі, а ня „220 гадоў зь дня нараджэньня“, раз гісторык нарадзіўся ў 1786 годзе. Відавочна, што календару, складзенаму Аленай Шагун, не зашкодзіў бы другі рэдактар, не „А. С. Шагун“, як пазначана ў выходных дадзеных».
Скобла: «Сярод каляндарных навінак зьявіліся і календары, на якіх — аголеныя пісьменьнікі і пісьменьніцы, пераважна маладыя. Іх выдаўцы і ўдзельнікі тлумачаць, што так яны прапагандуюць беларускую літаратуру. Якое тваё стаўленьне да гэткай прапаганды?»
Янушкевіч: «У творцы павінна быць аголеная душа, а ня цела. Пабачыць пісьменьніка бяз плавак — гэта ня толькі ня сьмешна, гэта зьдзек над духоўнасьцю беларускай літаратуры.
Пабачыць пісьменьніка бяз плавак — гэта ня толькі ня сьмешна, гэта зьдзек над духоўнасьцю беларускай літаратуры.
Скобла: «Першая квадра 2011 году ўжо пражыта. Якія даты, якія юбілеі нам варта не забыць цягам пазасталых 9 месяцаў 2011 году?»
Янушкевіч: «Апроч „забытых“ у календары юбілеяў Ніла Гілевіча ды Анатоля Вярцінскага, варта будзе ўзгадаць 90-годдзе Міколы Ермаловіча (29.04) ды Сьцяпана Александровіча (15.12), 100-гадовыя юбілеі Васіля Віткі (16.05), Паўла Пруднікава (14.07), Анатоля Астрэйкі (24.07), Юлія Таўбіна (15.09), 120-годдзе Максіма Багдановіча (09.12), 130-годдзе Івана Луцкевіча (09.06), 150-годдзі Магдалены Радзівіл (26.07) ды Ігната Буйніцкага (22.08), 175-годдзе славіста-мэцэната Яна Карловіча (28.05), мастака-графіка Міхала Андрыёлі (02.11), 200-годдзе паэта Тадэвуша Лады-Заблоцкага (27.08)… Нам ёсьць пра каго памятаць штогод, не забываючы пра папярэднікаў, каб і праз стагоддзі нас пазнавалі нашы наступнікі і суседзі».
КНІГАРНЯ СВАБОДЫ
ГАННА ЗАПАРТЫКА: «250 ТВОРАЎ АДАМА БАБАРЭКІ Ў ДВУХТОМАВІКУ НАДРУКАВАНЫЯ ЎПЕРШЫНЮ»
Віленскі Інстытут беларусістыкі і беластоцкае Беларускае гістарычнае таварыства, аб’яднаўшы свае высілкі, выпусьцілі ў сьвет Збор твораў Адама Бабарэкі ў 2 тамах. Фактычна гэта першае сыстэматызаванае выданьне творчай спадчыны выдатнага пісьменьніка, арганізатара ды ідэоляга літаб’яднаньня «Ўзвышша», які загінуў у сталінскай высылцы ў 1938 годзе. Пра гэты дыхтоўны двухтомавік мы гутарым з дырэктарам Дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыкай — адной з укладальніцай выданьня.
Міхась Скобла: «Спадарыня Ганна, вядома ж, двухтомавік уражвае — 1650 старонак! Вось я гартаю першы том і раз-пораз чытаю ў камэнтарах — друкуецца ўпершыню. А колькі ўвогуле тэкстаў Адама Бабарэкі адшукана вамі і вашымі калегамі?»
Ганна Запартыка: «У гэтых двух тамах апублікавана ўпершыню 250 тэкстаў. Гэта філязофскія, літаратуразнаўчыя працы, перапіска, чарнавікі лістоў, дакумэнты, зьвязаныя з жыцьцём Бабарэкі ў высылцы, яго развагі па многіх пытаньнях гісторыі. Зьмешчаныя ў гэтым выданьні і тэксты, выяўленыя ў пэрыёдыцы 20-х гадоў. Да таго пэрыяду зьвярталася ня так многа дасьледчыкаў, а тым больш чытачоў. Гэтыя два тамы — адкрыцьцё ўнікальнай асобы, цікавага крытыка, літаратуразнаўцы, філёзафа, гісторыка, арганізатара літаратурнага жыцьця ў Беларусі. Усё гэта — Адам Бабарэка».
Скобла: «Выданьне двухтомавіка не магло адбыцца без належнай захаванасьці архіва пісьменьніка. Хто яго перахоўваў усе гэтыя гады, і як ён трапіў да вас?»
Запартыка: «Архіў Адама Бабарэкі — сама па сабе ўнікальная культурная зьява ў Беларусі. Захаваўся ён у такім аб’ёме дзякуючы вялікай падзьвіжніцкай працы і вялікай сіле волі яго жонкі, Ганны Іванаўны Бабарэкі, і яго дачок — Элеаноры і Алесі. Дбаць пра архіў ва ўмовах маскоўскай двухпакаёвай кватэры было сапраўдным подзьвігам. У 1930 годзе, калі Бабарэку арыштавалі ўпершыню, забралі ўсё. І Ганна Іванаўна не пабаялася змагацца за мужавы рукапісы, і многае ёй удалося вярнуць з НКВД.
Ганна Іванаўна не пабаялася змагацца за мужавы рукапісы, і многае ёй удалося вярнуць з НКВД.
Скобла: «Як на маю думку, у Адама Бабарэкі былі эстэтычныя разыходжаньні з савецкай уладай. Калі беларускую паэзію захліснула першая хваля бясконцай „ленініяны“, ён пісаў — яшчэ ў 20-я гады: „Вобраз Леніна як бога недарэчны і непраўдзівы“. Ня дзіва, што яго арыштавалі адным зь першых».
Запартыка: «Бабарэка пісаў так, як адчуваў, як мог пісаць, адчуваць і разважаць разумны чалавек. Але ён не прадчуваў, што будзе арыштаваны ў 1930 годзе. Тое, што для Бабарэкі не было ідала, бога ў асобах Леніна і Сталіна, — гэта мы яўна чытаем у дакумэнтах часоў высылкі. Ён ня здрадзіў сабе, ня здрадзіў сваім эстэтычным ідэалам. Мастацтва ў найвышэйшым сваім праяўленьні было для яго перадусім».
Скобла: «А яшчэ мяне ўразіла, як Бабарэка адважна, па-рыцарску бараніў сваіх сяброў па „Ўзвышшы“ — Язэпа Пушчу, Уладзімера Дубоўку. Няўжо ён не разумеў, чым яму гэта адгукнецца?»
Запартыка: «Безумоўна, разумеў, але як чалавек высокіх духоўных ідэалаў ён ня мог паступаць іначай. Ён жа крытыкам быў, ён бараніў выдатных паэтаў».
Скобла: «А вось сябры яго не баранілі. Наадварот… У двухтомавіку апублікавана нямала дакумэнтаў, якія проста шакуюць. Як, прыкладам, рэзалюцыя сяброў «Узвышша» 1930 году: «Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі — беларускім контррэвалюцыйным нацыянальным дэмакратам». І подпісы — Максім Лужанін, Кандрат Крапіва, Зьмітрок Бядуля, Пятро Глебка…«. Як можна сёньня ставіцца да падобных дакумэнтаў?»
Запартыка: «Не ўсяму трэба да канца верыць. Магчыма, гэты дакумэнт пісаў нехта адзін, а ідэя падказвалася з ЦК ці зь іншых якіх установаў. Астатнія прозьвішчы пад лістом маглі апынуцца аўтаматычна».
Скобла: «Адам Бабарэка быў рэабілітаваны яшчэ ў 50-я гады.Чаму ж так позна прыходзіць да чытача яго творчая спадчына?»
Запартыка: «На вялікі жаль, вельмі доўга давялося расчытваць рукапісы, бо Адам Бабарэка пісаў, ня думаючы пра хуткае надрукаваньне. І тут яшчэ павінен быў зьявіцца такі дасьледчык і рэдактар як Віктар Жыбуль, які змог дакладна расшыфраваць усе недапісаныя словы, напісаў грунтоўную прадмову. Патрэбен быў спэцыяліст, каб выявіць бабарэкаўскую спадчыну, каб разабрацца з архівам. Кожнаму творцу — свой час, і кожнаму часу — свае выданьні. Відаць, час прыйшоў — і мы маем гэты выдатны, дыхтоўны двухтомавік. І нам застаецца толькі чытаць, асэнсоўваць прачытанае і захапляцца неардынарнай постацьцю Адама Бабарэкі».