Лукашэнка "нахіляецца", вымушаны "нахіляцца"

Уладзімер Мацкевіч

Чаму ўлады пайшлі на зьмякчэньне абвінавачваньня некаторым самым вядомым фігурантам справы 19 сьнежня? Ці было гэта зроблена пад ціскам пазыцыю ЗША і Эўразьвязу? Ці можна цяпер прагназаваць апраўдальныя прысуды? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч

30 сакавіка сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму Ўладзімеру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазьняку, Андрэю Дзьмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Насьце Палажанцы выстаўлена новае абвінавачаньне па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу. Ці можна сказаць, што тут паўплывалі санкцыі ЗША і Эўразьвязу?

Мацкевіч: "Я ня думаю, што тут паўплывалі самі санкцыі, хутчэй агульная пазыцыя Эўразьвязу і ЗША. Тая брудная сытуацыя, што разгортвалася падчас выбарчай кампаніі і асабліва падзеі 19 сьнежня – былі цалкам адэкватна ацэненыя міжнароднай супольнасьцю як фальсыфікацыя выбараў і дзеяньні аўтарытарнай улады. Далейшыя дзеяньні ўладаў былі накіраваныя на тое, каб выбіць з вязьняў "паказаньні", нібыта рыхтаваўся нейкі дзяржаўны пераварот. Сёньняшняя інфармацыя паказвае, што ім не ўдалося здабыць ніякіх сапраўдных сьведчаньняў аб падрыхтоўцы перавароту ці гвалтоўных дзеяньняў.

Цыганкоў: Аднак у працэсах, якія ўжо прайшлі, ніякіх дакладных доказаў і не спатрэбілася. Удзельнікам падзеяў 19 сьнежня далі 3-4 гады, не гледзячы на тое, што ніякіх масавых непарадкаў не было і іхняя віна не была даказана…

Мацкевіч:
Пасьля 19 сьнежня была гвалтоўна разбураная ўся праваахоўная сыстэма, нават старэйшыя інстытуты, такія як суды і пракуратура. Таму надаваць нейкую ўвагу таму, што гэтыя суды зробленыя сапраўдным судом – немагчыма.

Апошнія рашэньне сьведчаць толькі пра ваганьні рэжыму з боку ў бок. Ціск і грамадзянскай супольнасьці ўнутры Беларусі і замежны ціск нейкім чынам уплывае на кіраўніцтва, што б Лукашэнка не гаварыў пра тое, што яго немагчыма нахіліць. Ён нахіляецца, вымушаны нахіляцца. Але ж здавацца ён ня хоча, і таму цалкам прызнацца, што ўсе гэтыя справы высмактаныя з пальца – яны ня могуць

Цыганкоў: Ці могуць яны пайсьці на тое, каб на наступных судах вызваліць фігурантаў справы?

Мацкевіч: Нават самыя мяккія абвінаваўчыя прысуды будуць неправавымі. І немагчыма, каб Эўропа іх прызнала справядлівымі.

Таму зараз гэтыя адступныя дзеяньні ўладаў – гэта спроба прыстасавацца да той новай рэчаіснасьці, у якой рэжым апынуўся. Апынуўся, я б сказаў, з-за сваёй уласнай дурасьці. Яны ня мелі ніякага пляну, не ўяўлялі такую міжнародную рэакцыю на свае дзеяньні на свае дзеяньні пасьля 19 сьнежня. І зараз яны шукаюць нейкія выхады. Спрагназаваць, куды гэта вывядзе, пакуль немагчыма. Зразумела толькі тое, што рэжым вымушаны будзе шукаць шляхі паразуменьня і з грамадзянскай супольнасьцю ўнутры Беларусі і з замежжам.