Андрэй Пачобут: “Калі ты лічыш, што робіш правільна, тады ты й не баісься”

Андрэй Пачобут

У дачыненьні да журналіста польскай “Газэты выборчай” Андрэя Пачобута завялі справу паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).

У панядзелак Пачобута выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці, дзе паведамілі, што ён зьяўляецца падазраваным у справе. Справу завёў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў на падставе васьмі артыкулаў Пачобута ў “Газэце выборчай”, аднаго – на сайце “Беларускі партызан” і яшчэ аднаго – у прыватным блогу журналіста.

У аўторак Андрэй Пачобут быў госьцем ранішняга эфіру “Свабоды”.

Шупа: Андрэю, калі расшукаць у розных газэтах, а тым болей у прыватных блогах усе выказваньні, якія патэнцыйна маглі б трапіць пад артыкул 368-ы Крымінальнага кодэксу, то такіх крымінальных справаў можна было б завесьці нямала. Чаму, на вашую думку, пракуратура зьвярнула сваю ўвагу менавіта на вас?
Беларускія спэцслужбы даўно маюць вельмі нэгатыўнае стаўленьне да маёй асобы...


Пачобут: Тут можа быць некалькі прычынаў. Перш за ўсё асабістыя. Беларускія спэцслужбы даўно маюць вельмі нэгатыўнае стаўленьне да маёй асобы, і матыў помсты тут можа быць. Акрамя таго, ёсьць такі матыў, як адносіны беларускіх уладаў да польскай меншасьці. Ва ўмовах, калі адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю абвастраюцца, рэжым Лукашэнкі дастаткова часта выкарыстоўвае палякаў, якія жывуць у Беларусі, а таксама не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў як своеасаблівых закладнікаў. Гэта такі сыгнал Польшчы: “Вось вы нам санкцыі ўведзяце, а мы вам вашых суродзічаў будзем перасьледаваць”. І трэцяя прычына – гэта жаданьне “ўпарадкаваць” інтэрнэт, пра што Лукашэнка па сутнасьці публічна гаварыў.

Шупа: Дарэчы, у гэтай цяперашняй справе ёсьць адна навінка – сярод матэрыялаў, у якіх пракуратура ўгледзела парушэньне закону, ёсьць і публікацыя ў вашым прыватным блогу. Такога, здаецца, у Беларусі яшчэ не бывала?
Ва ўмовах беларускага рэжыму інтэрнэт застаўся па сутнасьці адзінай пляцоўкай, дзе вядзецца адкрытая вострая палітычная дыскусія...


Пачобут: Сапраўды, здаецца, гэта першая спроба прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за публікацыі ў блогу. Я думаю, што такая Беларусь, якая яна ёсьць на вуліцах, калі людзі баяцца дыскутаваць на палітычныя тэмы, – гэта мэта, да якой імкнецца Аляксандар Лукашэнка. Але такая вулічная Беларусь не адпавядае Беларусі віртуальнай, таму што ва ўмовах беларускага рэжыму інтэрнэт застаўся па сутнасьці адзінай пляцоўкай, дзе вядзецца адкрытая вострая палітычная дыскусія. Гэта можа не падабацца ўладам, і ўлады, відавочна, хочуць гэтую віртуальную Беларусь запалохаць. Лукашэнка пра гэта адкрыта казаў на сваёй выніковай пасьлявыбарнай прэс-канфэрэнцыі, і я думаю, гэта таксама прычына зьяўленьня такой справы.

Шупа: Шмат хто ў Беларусі адзначае, што пасьля падзеяў 19 сьнежня ў грамадзтве значна павысіўся градус страху, брутальныя дзеяньні ўладаў скіраваныя на тое, каб запалохаць людзей, зьнеахвоціць іх да нейкіх апазыцыйных дзеяньняў. Вас у гэтыя месяцы таксама ўжо нямала тузалі, але складаецца ўражаньне, што вы не баіцеся...
Я не лічу, што я недзе зьняважыў Лукашэнку. Так, я яго крытыкаваў...

Пачобут: Я прызвычаіўся быць свабодным чалавекам, казаць тое, што я думаю. Чаго баяцца, калі ты кажаш праўду? Я не лічу, што я недзе зьняважыў Лукашэнку. Так, я яго крытыкаваў. Так, я іранічна стаўлюся да ягонай асобы: часам ён паводзіць сябе сьмешна. І гэтыя сьмешныя моманты я таксама ў сваіх публікацыях адзначаў. Але зьнявагі абсалютна няма ў гэтых публікацыях. А калі ты лічыш, што робіш правільна, тады ты й не баісься.