Маці Саньнікава: "Абвінавачаньне выставілі, расьсьледаваньне працягваецца"

Андрэй Саньнікаў


Выстаўлена канчатковае абвінавачаньне экс-кандыдату на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву. Прызначаны дзень, калі суд разгледзіць касацыю на прысуд Аляксандру Атрошчанкаву. Вязень "амэрыканкі" Зьміцер Бандарэнка ня можа хадзіць. З Паўлам Севярынцам упершыню за тры месяцы сустрэўся адвакат. Натальлю Радзіну папярэдзілі пра хуткі візыт сьледчых з КДБ. Актывіст Уладзімер Яроменак памяняў ужо другую вязьніцу.

25 сакавіка экс-кандыдату на прэзыдэнта Андрэю Саньнікаву выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў іх арганізацыі. Пра гэта "Свабодзе" паведаміла маці вязьня Ала Саньнікава са спасылкай на абаронцаў сына. "Адвакаты бачыліся сёньня з Андрэем. Я зразумела гэтак, што абвінавачаньне выставілі, але расьсьледаваньне працягваецца", — сказала Ала Ўладзімераўна. Абаронцы палітыка дадалі, што сёньня яны падалі скаргу ў пракуратуру Менску:

"Аб спыненьні адносна Андрэя Саньнікава крымінальнага перасьледу паводле злачынства, якое прадугледжанае часткамі 1 і 2 артыкула 293, і зьмене для яго меры стрыманьня на мякчэйшую".

Таксама, паводле адвакатаў, у мінулы аўторак Саньнікаў меў зь імі працяглую канфідэнцыйную сустрэчу.

Скаргу Атрошчанкава разгледзяць 5 красавіка

Аляксандар Атрошчанкаў
5 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе будзе разгледжаная касацыйная скарга на прысуд Аляксандру Атрошчанкаву, які раней быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у масавых беспарадках 19 сьнежня. 25 сакавіка жонка актывіста Дар'я Корсак таксама даведалася, што Атрошчанкава перавялі на Валадарку і вызначылі калёнію, дзе ён будзе адбываць пакараньне.

"На Валадарскага мне сказалі, што яго будуць этапаваць у калёнію "Віцьба", здаецца, "3", калі ня блытаю. Але калі, не сказалі, бо невядома, калі будзе этап".

Паводле Дар'і Корсак, маральныя ўмовы знаходжаньня яе мужа ў ізалятары на Валадарскага лепшыя, чымсьці ў СІЗА КДБ. Жанчына нагадала пра расповеды нядаўніх вязьняў "амэрыканкі" пра катаваньні ў гэтай турме.

Зь Севярынцам упершыню за тры месяцы сустрэўся адвакат

Павал Севярынец
З Паўлам Севярынцам упершыню за тры месяцы сустрэўся адвакат. "Сказаў, што пачуваецца нармальна, трымаецца бадзёра, а больш нічога праз тэлефон не сказаў", — паведаміла маці вязьня Тацяна Севярынец. Апошні раз Севярынца бачыў адвакат Павал Сапелка ў канцы мінулага году. Нядаўна Паўла Сапелку пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, і цяпер Севярынца абараняе іншы адвакат.




Здароўе Бандарэнкі пагаршаецца


Зьміцер Бандарэнка
Стан здароўя каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі працягвае пагаршацца. Зь ліста вязьня стала вядома, што ён ня можа хадзіць, бо ня рухаецца нага. Жонка вязьня Вольга Бандарэнка кажа пра немагчымасьць для мужа атрымаць добрае лячэньне ва ўмовах турмы:

"Толькі дзеля таго, каб атрымаць кансультацыю нэўроляга, трэба прайсьці неверагодны бюракратычны шлях. Такая бюракратыя, ці гэта робяць наўмысна? Бо насамрэч яму патрэбна апэрацыя. Як мы ні спадзяваліся, што абыдзецца безь яе, відаць, не..."

Радзіну папярэджвае міліцыя

Натальля Радзіна
Два месяцы ў Кобрыне знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд рэдактарка сайту "Хартыя 97" Натальля Радзіна, якую таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Раніцай 25 сакавіка да Радзінай дамоў прыходзіў участковы міліцыянт з папярэджаньнем, каб яна не сыходзіла з дому. Маўляў, да яе можа прыехаць сьледчы з КДБ. На час напісаньня рэпартажу да журналісткі ніхто не прыходзіў. Натальля зьвязвае папярэджаньне з адзначэньнем Дня Волі. Журналістка кажа, што атрымлівае шмат лістоў са словамі падтрымкі:

"Прыходзіць шмат лістоў салідарнасьці, паштовак. Прычым з усяго сьвету. Такая вялікая падтрымка адчуваецца".

Яроменак памяняў ужо другую вязьніцу

Уладзімер Яроменак
Сябра штабу Віталя Рымашэўскага Ўладзімер Яроменак даслаў некалькі лістоў з "Валадаркі". З часу арышту 20 сьнежня актывіст пабываў ужо на Акрэсьціна, у "амэрыканцы" і зараз знаходзіцца ў ізалятары на Валадарскага. Уладзімера Яроменку наведвае адвакат. Магчыма, неўзабаве ён пачне знаёміцца са сваёй крымінальнай справай, паведаміла "Свабодзе" праваабаронца Наста Лойка.