Дзень Волі ў сьвеце

У шэрагу краінаў сьвету сёньня і ў найбліжэйшыя выходныя адбудзецца сьвяткаваньне Дня Волі – 93-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

УКРАІНА

Cёньня ў Ківе каля амбасады Рэспублікі Беларусі прайшоў пікет, прысьвечаны Дню Волі. Акцыю ініцыяваў Вячаслаў Сіўчык, які пасьля падзеяў 19 сьнежня знаходзіцца ва Ўкраіне. Сіўчыка падтрымала агульнаўкраінскае аб'яднаньне “Свабода”. Удзельнікі кіеўскага пікету выказалі падтрымку палітвязьням у Беларусі.

РАСЕЯ

У Калінінградзе сябры “Беларускага таварыства культуры” сабраліся 25 сакавіка ля помніка Францішку Скарыну. Пазьней таго самага дня калінінградзкія беларусы правялі прымеркаваную да Дня Волі сяброўскую вечарыну.

ЧЭХІЯ

У Празе ў пятніцу мясцовыя беларусы прыйшлі на Альшанскія могілкі, дзе пахаваныя прэзыдэнты Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка, а таксама сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Сабраныя ўсклалі кветкі да магілаў дзеячоў нацыянальнага Адраджэньня. Уніяцкі сьвятар айцец Андрусь Абламейка прачытаў малітвы, прысутная прасьпявалі гімн "Магутны Божа".

З кароткай прамовай да прысутных зьвярнуўся экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч, які сказаў, што хаця і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, але ня мае “амбіцыяў быць эміграцыйным палітыкам”, і пажадаў сустракаць наступныя ўгодкі Акту 25 сакавіка ў Беларусі як дзяржаўнае сьвята.

У суботу ў Празе ў царкве Кузьмы і Дзям’яна (Vyšehradská 49) а 11-й гадзіне пройдзе малітва за беларускі народ, а затым у суседняй з царквою тэатральнай залі кляштару бэнэдэктынаў адбудзецца сьвяточная імпрэза зь віншавальнымі прамовамі, прэзэнтацыяй дакумэнтальнага сэрыялу “Сьцяна” і канцэртам хору “Прасфора” і барда Яўгена Барышнікава.

ФРАНЦЫЯ

У пятніцу беларускія эмігранты ў Францыі правялі акцыю салідарнасьці зь палітвязнямі каля беларускай амбасады ў Парыжы. Эмігранты заклікалі Аляксандра Лукашэнку пакінуць пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і спыніць рэпрэсіі ў краіне, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў. Як адзначыў беларускі эмігрант Аляксандар Лукін з Кобрыня, гэтая акцыя была дазволеная прэфэктурай паліцыі:

"Пасьля пятнаццаці хвілін ад пачатку акцыі з амбасады выйшаў супрацоўнік, які адрэкамэндаваўся як Вячаслаў, намесьнік консула, і папрасіў разысьціся, прыбраць плякаты і перастаць дыскрэдытаваць амбасаду. "А інакш што, АМАП будзеце выклікаць?! І разганяць, як на плошчы, дубінкамі?!" – адказалі мы ў адказ".

Супрацоўніку амбасады быў перададзены адкрыты ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі. Разам з тым эмігранты заўважылі "фатографа" амбасады, які, хаваючыся за аўтобусным прыпынкам, на другім баку вуліцы здымаў акцыю".

ШВЭЦЫЯ

У Стакгольме суполка “Беларусы Швэцыі” правядзе сёньня ўвечары сьвяточную вечарыну. Як паведаміў старшыня суполкі Юры Кажура, у часе вечарыне адбудзецца прагляд фільму аб апошніх падзеях у Беларусі, удзельнікі напішуць беларускую дыктоўку, а таксама возьмуць удзел у конкурсе дранікаў.

ЛАТВІЯ

У суботу ў Рызе ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў (вул. Slokas, 37) пройдзе прымеркаваны да ўгодкаў незалежнасьці БНР сход Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.

БЭЛЬГІЯ

У Бэльгіі, апрача традыцыйнага сьвяточнага набажэнства ў беларускай царкве ў парафіі сьвятога пакутніка Язафата Полацкага і Ўваскрэсеньня Хрыстовага ў Антвэрпэне ў суботу, 26 сакавіка, плянуецца шмат імпрэзаў. Беларусы з Бэльгіі і суседняй Францыі разам з раднымі БНР ушануюць памяць беларускага дзеяча, раднага БНР Янкі Жучкі, наведаюць яго магілу і прадставяць дакумэнтальны фільм аб яго жыцьці, а таксама правядуць сьвяточны пікет у цэнтры бэльгійскай сталіцы. Сьвяткаваньне ладзіць Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ, ЛІТВА

У суботу, 26 сакавіка, імпрэзы да Дня Волі таксама ладзяць беларускія суполкі Вялікай Брытаніі (у Беларускім доме ў Лёндане) і Літвы – у Віленскім доме нацыянальных супольнасьцяў у Літве.

ПОЛЬШЧА

Радыё “Рацыя”, тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы праводзяць у пятніцу сьвяткаваньні Дня Волі ў Беластоку (вечарына пройдзе ў культурным цэнтры на вуліцы сьвятога Роха,14). А ў суботу ў Фарным касьцёле Беластоку – беларускамоўная імша, прысьвечаная ўгодкам БНР. Праграму сьвяткаваньняў на Беласточчыне зьмяшчае радыё “Рацыя”.

Дню Волі прысьвечаны чарговы канцэрт "Салідарныя зь Беларусьсю" ў Варшаве ў нядзелю, 27 сакавіка. Ініцыятыва "Вольная Беларусь" (ІВБ) ладзіць польска-беларускі канцэрт зорак з абедзьвюх краін пад лёзунгам “Пачуй нас!”, каб зьвярнуць увагу на праблемы Беларусі. Канцэрт пачнецца ля Палацу культуры (Plac Defilad) а 18-й гадзіне, а перад гэтым пройдзе гарадзкая гульня для ўсіх ахвотных, падчас якой яе ўдзельнікі змогуць, як кажуць арганізатары, “на сваёй скуры” адчуць сябе беларускімі апазыцыянэрамі”. “Актывісты апазыцыі” будуць гуляць супраць “супрацоўнікаў КДБ”, выконваць розныя заданьні і ратавацца ад арыштаў.

ЗША

У тых беларускіх асяродках, дзе падтрымліваецца традыцыя беларускамоўных набажэнстваў, урачыстасьці да Дня Волі пройдуць у нядзелю, 27 сакавіка, пасьля багаслужбаў.

У паўднёва-ўсходняй частцы ЗША сьвяткаваньне пачнецца ў нядзелю а 10-й гадзіне раніцы з набажэнства ў царкве сьвятой Маці Божай Жыровіцкай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Нью-Джэрзі. Пасьля Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА) запрашае на ўрачыстую акадэмію, банкет і канцэрт ў Нью-Брансуіку, прысьвечаныя ўгодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мерапрыемствы ладзяцца пры падтрымцы сяброў Беларускага моладзевага руху Амэрыкі. Яго лідэр Алесь Вінакураў паведаміў:

“Таксама Беларускі музэй у Нью-Ёрку ўжо традыцыйна будзе эскапанаваць выставу твораў беларускіх мастакоў. Запрашаем усіх далучыцца да сьвята ў грамадзе землякоў. Звычайна беларусы прыходзяць і са сваімі амэрыканскімі сябрамі, усім будзе цікава”.

Яшчэ адна імпрэза ладзіцца 27 сакавіка Бруклінскім аддзелам Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА) – у грамадзкай залі катэдральнага сабору сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку пасьля літургіі і малебну за Беларусь.

КАНАДА

У Канадзе таксама ў гэтую нядзелю беларусы зьбяруцца ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры ў Таронта. Там беларускія багаслужбы праходзяць у царкве сьвятога Кірылы Тураўскага і акурат кожную апошнюю нядзелю месяца. Галоўная ўправа Згуртаваньня беларусаў Канады пасьля набажэнстваў ладзіць беларускія сустрэчы. Па традыцыі ўрачыстыя паседжаньні, прысьвечаныя 25 Сакавіка, пройдуць у найбуйнейшых беларускіх асяродках у Таронта, Манрэалі і Атаве.