На базе былога піянэрскага лягеру «Чайка» пад Гомлем працягваюць будаваць вайсковы гарадок з палігонам

На месцы побач з будаўніцтвам вайсковага гарадку і палігону

На месцы побач з будаўніцтвам вайсковага гарадку і палігону

Будаўніцтва пачалося яшчэ ў 2023 годзе.

Крыніцы агенцтва «Позірк» падзяліліся сьвежымі фатаграфіямі, на якіх зафіксаваны працяг будаўніцтва, распачаты ў 2023 годзе.

Паводле аднаго з суразмоўцаў, на месцы будаўніцтва ўжо масава высечаны лес. Да самога аб’екту праходу і пад’езду няма: лясныя сьцежкі і дарогі перагароджаныя будаўнічымі блёкамі. Па пэрымэтры новага вайсковага гарадку ўсталёўваюць жалезабэтонны плот.

На месцы працуюць экскаватары: капаюць катлаваны пад будучыя аб’екты — казармы, склады, гаражы для тэхнікі. На тэрыторыі будучай часткі ўжо разьмясьцілі «нейкі ангар».

Здымак побач зь месцам будоўлі

Здымак побач зь месцам будоўлі

Пра пляны пабудаваць пад Гомлем новы вайсковы гарадок «Позірк» даведаўся зь дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2023 год.

На праектна-пошукавыя работы ў тым годзе зь бюджэту ўлады мелі намер вылучыць 500 тысяч рублёў, у 2024-м і 2025-м — адпаведна 10 млн і 40 млн рублёў «у прагнозных цэнах».

Згодна з праграмай, скончыць будаўніцтва плянуецца ў 2027 годзе.

У траўні 2022 году Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся стварыць на ўкраінскім кірунку Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі праводзіць чарговыя вучэньні ў памежжы зь Літвой

У 2024 годзе Радыё Свабода публікавала пашпарт аб’екту, разьмешчаны на плоце былога піянэрскага лягеру «Чайка». З пашпарту стала вядома, што заказчык будаўніцтва — упраўленьне капітальнага будаўніцтва Ўзброеных сілаў, распрацоўнік — менскі інстытут «Ваенпраект», генэральны падраднік — Гомельскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічае ўпраўленьне № 243.

Недалёка ад новага аб’екту функцыянуе 1393-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, вайсковая часьць № 52208.

Піянэрскі лягер «Чайка», пабудаваны ў 1968 годзе, не выкарыстоўваўся з 2016 году. Раней ён належаў гомельскаму будаўнічаму трэсту № 14. Займаў плошчу 6,24 га неаднаразова выстаўляўся на таргі зь зьніжэньнем цаны. Дакладная дата продажу лягеру невядомая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Беларусі будуе новы вайсковы гарадок за 40 км ад мяжы з Украінай. Што пра яго вядома? ФОТА