Згодна з рашэньнем суду, якое апублікавала Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, у даход дзяржавы спагналі больш за 70 тысяч тон хлёрыстага калію, больш за 250 мільёнаў грыўняў у эквіваленце (звыш 6 млн даляраў), 1545 чыгуначных вагонаў, а таксама 48% статутнага капіталу ТАА «Агророзквіт», сузаснавальнікам якога ёсьць Беларуская калійная кампанія.
На падставе закону Ўкраіны «Аб перадачы, прымусовым адчужэньні ці адабраньні маёмасьці ва ўмовах праўнага рэжыму ваеннага або надзвычайнага стану» «Беларуськалій» пазбавілі права на кампэнсацыю кошту прымусова адчужанай маёмасьці.
У паведамленьні Міністэрства юстыцыі Ўкраіны адзначаецца, што «Беларуськалій» сваімі дзеяньнямі «спрыяе вядзеньню вайны супраць Украіны — у прыватнасьці, празь фінансава-гаспадарчыя адносіны з прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу РФ і акупацыйнымі адміністрацыямі самаабвешчаных „ДНР“ і „ЛНР“».
Таксама адзначаецца, што «Беларуськалій» надаваў транспарт і памяшканьні для перамяшчэньня і разьмяшчэньня ўкраінскіх дзяцей, прымусова вывезеных у Беларусь з часова акупаваных тэрыторый Украіны, прымаў удзел у «арганізацыі і фінансаваньні захадаў, накіраваных на падтрымку палітыкі дзяржавы-агрэсара ў адмаўленьні права ўкраінскага народу на самаідэнтыфікацыю».
Пра тое, што Міністэрства юстыцыі Ўкраіны падало ў суд пазоў аб санкцыях супраць «Беларуськалію», стала вядома 13 сакавіка.
У канцы 2024 году ў Агенцтве вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА) Украіны паведамілі аб пачатку маштабнага продажу 30 431 тон хлярыду калію, якія на 24 лютага 2022 году былі на тэрыторыі Ўкраіны. З таго часу празь сем аўкцыёнаў яго амаль цалкам распрадалі. Сродкі ад рэалізацыі арыштаваных актываў Украіна накіроўвае на ўзмацненьне сваёй эканомікі і абараназдольнасьці.
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны сёлета ў лютым зьвярнулася ў Найвышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны з пазовам аб спагнаньні ў даход дзяржавы актываў «Беларуськалію», у тым ліку карпарацыйных правоў, сродкаў, чыгуначных вагонаў, калійных угнаеньняў. Раней Украіна ўвяла санкцыі супраць гэтага беларускага прадпрыемства, а таксама арыштавала актывы ўкраінскіх кампаніяў, заснавальнікамі якіх быў «Беларуськалій». У пазове згадваецца прынамсі адна такая кампанія — «Агророзквіт».
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.