Дэпутат ад нямецкай прапуцінскай партыі прыехаў у Беларусь на запрашэньне Гайдукевіча

Алег Гайдукевіч (на пярэднім пляне)

Візыт у Беларусь дэпутата ляндтагу фэдэральнай зямлі Баварыя, сябра правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) Ульрыха Зінгера праходзіць на запрашэньне Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ).

Пра тое, што ягоная партыя запрасіла Ульрыка Зінгера ў Беларусь, паведаміў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу кіраўнік ЛДПБ, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі ў міжнародных справах ніжняй палаты парлямэнту Алег Гайдукевіч.

Адзначаецца, што Гайдукевіч узначаліў групу беларускіх дэпутатаў на праведзенай 3 красавіка ў Менску сустрэчы зь Зінгерам.

Як гаворыць сам Гайдукевіч, мэтай візыту нямецкага дэпутата зьяўляецца «разьвіцьцё адносін паміж Беларусьсю і Нямеччынай, Эўрапейскім зьвязам».

Прыезд Зінгера ў Беларусь нібыта «пацьвярджае тое, што ізаляцыя Беларусі — вялікі міт, у які ня вераць і самі эўрапейцы».

Прэс-служба Палаты прадстаўнікоў назвала дэпутата ад ультраправай партыі «прыхільнікам традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў, прыпыненьня некантраляванай міграцыі і ўмацаваньня кантролю на межах Эўразьвязу, аднаўленьня камунікацый па дастаўцы энэргарэсурсаў для нівэляваньня працэсаў дэіндустрыялізацыі Нямеччыны».

Таксама Зінгер выступае за зьняцьце санкцый супраць Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне адрэагавалі на візыт у Менск дэпутата ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны»

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны, камэнтуючы беларускай агенцыі «Позірк» інфармацыю пра візыт Зінгера ў Менск, адзначыла, што «фэдэральны ўрад рашуча асудзіў сыстэмныя рэпрэсіі ў Беларусі», і «гэта стасуецца таксама парлямэнцкіх выбараў у 2024 годзе, якія прайшлі ў атмасфэры страху».

Партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» зьяўляецца праварадыкальнай. Яна выступае супраць мігрантаў і адносіцца да разраду эўраскептычных, падтрымлівае расейскую палітыку і асабіста кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, а таксама ягонага хаўрусьніка ў Беларусі Аляксандра Лукашэнку. У Саксоніі мясцовую арганізацыю партыі суд прызнаў экстрэмісцкай арганізацыяй. Таксама прарасейскую палітыку ў Нямеччыне вядзе радыкальна левы «Альянс Сары Вагенкнэхт».

Раней журналісцкае расьсьледаваньне паказала, што дэпутат ад AfD якраз ад фэдэральнай зямлі Саксонія Ёрг Дорнаў мае бізнэс у Беларусі. На ягонай плянтацыі цыбулі пад Лідай працавалі палітвязьні. Ягоная кампанія «Цыбулька-Бел» падпісала ўгоду зь Лідзкім ЦІП.

Пра свой бізнэс у Беларусі Ёрг Дорнаў адкрыта не расказваў, пакуль да зьвестак не дабраліся журналісты. Як паведамляла выданьне welt.de, дэпутат парушыў патрабаваньне раскрываць інфармацыю, бо не паведаміў у сваёй дэклярацыі аб прадпрыемстве ў Беларусі. За гэта яго аштрафавалі на 20 862 эўра.

Паводле выданьня, Дорнаў «некалькі разоў сустракаўся з прыхільнікамі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, аднак утаіў інфармацыю пра гэта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новы пакет санкцый ЭЗ уключылі кампанію нямецкага дэпутата Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы палітвязьняў