Польшча заявіла пра завяршэньне мадэрнізацыі электроннага бар’еру на мяжы зь Беларусьсю

Мігранты на беларуска-польскай мяжы, архіўны здымак

Бар’ер зь відэаназіраньнем паставілі ў Падляскім ваяводзтве на мяжы зь Беларусьсю для кантролю мігрантаў.

Пра завяршэньне ўзьвядзеньня электроннага бар’еру паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

На ўчастку працягласьцю 206 км усходняй мяжы ўстаноўлена дадатковая лінія камэраў для назіраньня за вонкавым бокам агароджы, сьветладыёдныя (LED) лямпы для асьвятленьня тэхнічнай дарогі. Таксама створаныя дадатковыя пункты відэаназіраньня для абароны водапрапускных збудаваньняў.

Дадаткова палякі ўжылі мэханізм, які выкарыстоўвае штучны інтэлект для клясыфікацыі сыгналаў трывогі з валаконна-аптычных дэтэкцыйных кабэляў.

Кошт работаў склаў больш за 125 мільёнаў злотых (каля 32,5 мільёнаў даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У польскай памежнай вёсцы выступілі супраць будаўніцтва вышкі для назіраньня за тэрыторыяй Беларусі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы стварылі новую дывізію для аховы польска-беларускай мяжы. ФОТА