Пра гэта паведамляе выданьне Reform.news.
«Працягвайце выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства шчырым беларусам. На жаль, многія беларусы ня могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакумэнтаў. Бацькі ня могуць аформіць нованароджаных дзяцей. У Літве ёсьць выдатнае рашэньне — пашпарт іншаземца, і мы просім спрасьціць і пашырыць практыку яго выдачы. А наш пашпарт, які мы плянавалі выдаваць, мы перанясем у тыя краіны, дзе праблема з дакумэнтамі ніяк ня вырашаная», — заявіла Ціханоўская.
Нагадаем, праект «пашпарту Новай Беларусі» быў анансаваны ў жніўні 2023 году на канфэрэнцыі «Новай Беларусі». Афіцыйна яго прэзэнтавалі сёлета ў студзені. У Літве быў створаны Беларускі пашпартны цэнтар, які мусіў заняцца выдачай такога дакумэнту. Ішла праца для прызнаньня пашпарту. Аднак літоўскія дзяржаўныя органы паведамілі, што ня будуць прызнаваць яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы пракамэнтаваў сымболіку «пашпарта новай Беларусі»Шэраг літоўскіх палітыкаў абурыліся выкарыстаньнем у афармленьні пашпарту гербу «Пагоня». Яны заявілі, што на пашпарце выяўлены дзяржаўны герб Літвы, і папрасілі МЗС Літвы разабрацца ў сытуацыі. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і МЗС Літвы заявілі, што ня бачаць праблемы ў выкарыстаньні «Пагоні».
У лютым сёлета амаль 70 грамадзкіх дзеячоў Літвы накіравалі ліст прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, у Міністэрства замежных справаў і ў Сейм з заклікам забараніць выкарыстаньне сымбалю «Пагоня» як на пашпартах, якія зьбіраюцца выпускаць беларускія дэмакратычныя сілы, гэтак і ў кожнай іншай форме ў афіцыйным кантэксьце.