Рада БНР на ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці: «Нагадвайце, што ў цэнтры Эўропы два народы цярпяць ад маскоўскага імпэрыялізму»

Івонка Сурвіла

Івонка Сурвіла

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў усяго сьвету зь віншаваньнем з важнаю датаю нацыянальнай гісторыі.

«Дарагія мае Суродзічы Беларусы!

Вітаю Вас з гэтай найважнейшай датай сучаснай гісторыі нашай Бацькаўшчыны, 25-га Сакавіка 1918-га году, калі наш народ абвясьціў незалежнасьць і волю свае дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі.

Хаця мы не змаглі тады абараніць нашую незалежнасьць, абвешчаньне Беларусі сувэрэннай дзяржавай змусіла бальшавікоў стварыць БССР, а існаваньне БССР дазволіла беларусам у 1991 годзе абвесьціць незалежную Рэспубліку Беларусь. Абавязкам кожнага Беларуса ёсьць сёньня зьберагчы гэтую незалежнасьць», — такімі словамі Івонка Сурвіла пачала зварот.

Далей яна адзначыла, што, нягледзячы на падзеі 2020 году і дзейнасьць беларусаў у сьвеце, усясьветныя СМІ ўсё часьцей забываюцца пра існаваньне беларусаў, асабліва калі гавораць пра вайну ўва Ўкраіне. Сурвіла заклікала беларусаў не даваць нікому забывацца пра тое, што робць беларусы дзеля перамогі Ўкраіны і дзеля вяртаньня сапраўднай незалежнасьці ў сваю краіну.

«Гэтак жа, як Канада зьядналася як ніколі, каб бараніцца ад пагрозаў свайго паўднёвага суседа, як яднаюцца ўсе народы, калі адчуваюць патрэбу бараніць свае інтарэсы, — прыйшоў час усім нам адчуць як ніколі нашую прыналежнасьць да нашае зямлі і наш абавязак бараніць яе ад усіх захопнікаў — як ворагаў, гэтак і невукаў, якія за 34 гады яшчэ ня ўцямілі, што ў цэнтры Эўропы жыве сувэрэнная нацыя, якая мае такія самыя правы на існаваньне, як і яны.

У гэты час, калі ў Беларусі наш народ пад ботам тырана, зьвяртаюся да беларусаў замежжа, якім ніхто не забараняе прадаўжаць змаганьне за волю і лепшую долю нашага народу: карыстайце з кожнай нагоды, каб прыцягваць увагу палітыкаў і грамадзян краін, якія вам далі прытулак, што ў цэнтры Эўропы не адзін, а два народы цярпяць ад маскоўскага імпэрыялізму, і што Беларусі ніхто не памог, калі яна дамагалася вызваліцца ў 2020-м годзе.

25 Сакавіка ізноў пакажыце сьвету, што вы таксама маеце права быць вольным народам на сваёй вольнай зямлі.

Дык памажы Нам, Божа!

Жыве Беларусь!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 71 балёнік і белы бусел у небе. Як праходзіла першае вулічнае сьвяткаваньне 25 Сакавіка ў савецкі час

25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі. Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзіліся сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўлады ставіліся да гэтай даты ў розны час з рознай ступеньню варожасьці. Гэтая варожасьць асабліва ўзмацнілася ў апошнія гады, пасьля масавых пратэстаў 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Луцкевічы, Ластоўскі, Вітан-Дубейкаўскі. Да Дня Волі прагуляйцеся па адрасах БНР у Вільні