Пасьля ўмяшаньня Бондаравай у Дудутках скасавалі фэст на Купальле

Беларускае Купальле. Ілюстрацыйнае фота

Беларускае Купальле. Ілюстрацыйнае фота

У Дудутках скасавалі фэстываль «Сьвята Сонца», прысьвечаны Купальлю, які праводзілі з 2016 году. Раней у Менску заўчасна закрылі выставу «Беларускі бэстыярый» у галерэі «Мастацтва».

Аб адмене і фэстывалю «Сьвята Сонца» паведаміла ў сваім тэлеграм-канале праўладная актывістка Вольга Бондарава.

«У нашым распараджэньні ёсьць афіцыйны адказ, які пацьвярджае, што нэапаганскі шабас «Сьвята сонца» з свастыкай і рунамі скасаваны, пасьведчаньне на права арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчавага мерапрыемства, выдадзенае дзяржаўнай установе культуры «Пухавіцкі раённы цэнтар культуры», — ануляванае».

Таксама яна паведаміла, што БЕЛТА выдаліла матэрыял пра фэстываль з свайго сайту.

Сёлета на фэсьце мелі выступіць Іван Кірчук, гурт KaS, іншыя музыкі.

Раней пасьля нападак праўладных актывістаў у Менску закрылі выставу «Беларускі бэстыярый». Выстава ў галерэі «Мастацтва» плянавалася да 22 сакавіка, але 13 сакавіка ў сацыяльных сетках праекту зьявіўся допіс аб закрыцьці экспазыцыі. Наведаць яе можна было ўсяго два дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пасьля нападак Бондаравай і Жыгімонт закрылі выставу «Беларускі бэстыярый»

Аўтары праекту Валянцін Дэльвеста, муж і жонка Яўген і Яўгенія Кот аб’ядналі ў адной экспазыцыйнай прасторы пэрсанажаў беларускіх казак, мітаў, паданьняў і легендаў, пісала пра адкрыцьцё выставы дзяржаўная газэта «Звязда».

12 сакавіка, на другі дзень пасьля адкрыцьця выставы, тэмай экспазыцыі абурылася праўладная актывістка і мастачка Сьвятлана Жыгімонт, паведаміла «Наша ніва». Яе незадаволенасць падхапілі Вольга Бондарава і Аляксандар Плавінскі. Яны ўгледзелі ў тэматыцы беларускіх мітаў і казак «сатанізм» і «нэапаганства».