Парлямэнт Сэрбіі зацьвердзіў адстаўку прэмʼер-міністра краіны Мілаша Вучавіча. У студзені той абʼявіў, што пакіне сваю пасаду, на фоне масавых пратэстаў у краіне, якія працягваюцца дагэтуль. Разам з Вучавічам у адстаўку сыдзе і цяперашні ўрад.
Як заявіла старшыня парлямэнту Ана Брнабіч, на працягу месяца — да 18 красавіка, — дэпутаты павінны сфарміраваць новы ўрад. Калі ім ня ўдасца гэтага зрабіць, у пачатку лета ў Сэрбіі пройдуць пазачарговыя выбары. Папярэднія адбыліся паўтара года таму.
Масавыя пратэсты ў Сэрбіі, у якіх бяруць удзел сотні тысяч дэманстрантаў, пачаліся ў лістападзе мінулага году — калі абваліўся навес на чыгуначнай станцыі ў горадзе Нові-Сад і загінулі 15 чалавек. Грамадзяне ўскладаюць віну за іх сьмерці на ўрад Вучавіча, абвінавачваючы яго ў некампэтэнтнасьці і карупцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Сэрбіі сказаў, што ўлады атрымалі «пасланьне» пасьля масавых пратэстаў у Бялградзе