У Беларусі за апошнія 30 гадоў аленяў пабольшала ў 11 разоў

Алень у Белавескай пушчы. Архіў

Алень у Белавескай пушчы. Архіў

У Міністэрстве лясной гаспадаркі паведамілі аб істотным росьце папуляцыяў некалькіх відаў дзікіх жывёл.

«За 30 гадоў колькасьць аленя павялічылася больш чым у 11 разоў, г. зн. з 4,5 тысячы да 50,5 тысячы галоваў. Гэта адзін з самых яскравых прыкладаў аднаўленьня біялягічнага віду на нашай тэрыторыі за такі кароткі тэрмін», — сказаў кіраўнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандар Казарэз.

Паводле яго, ласёў пабольшала ў 3,6 раза: з 13 тысяч да 47,5 тысячы галоў.

«Гэты від вельмі важны для барэальных лясоў, для нашай паўночнай часткі Беларусі. Сёньня, у час пацяпленьня клімату, яны ня вельмі камфортна пачуваюцца на тэрыторыі Беларусі, але захады, якія прымаюцца для кіраваньня папуляцыяй, рэсурсамі, дазваляюць гэтаму віду дынамічна павялічваць сваю колькасьць», — патлумачыў ён.

Аляксандар Казарэз дадаў, што колькасьць касулі вырасла больш чым у чатыры разы — з 34 тысяч да 138 тысяч галоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белавескай пушчы забаранілі паляваньне на ваўка да 2027 году і згадалі аб дэнансаванай Бэрнскай канвэнцыі