У замежнапалітычнай службе Эўразьвязу паведамілі аб далучэньні да 16-га пакету санкцыяў супраць Беларусі 8 краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ.
«Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвэгія і Ўкраіна далучаюцца да гэтага рашэньня Рады. Яны будуць сачыць за тым, каб іх нацыянальная палітыка адпавядала гэтаму рашэньню. Эўразьвяз прымае да ведама гэтыя абавязаньні і вітае іх», — адзначаецца ў афіцыйнай заяве.
Эўразьвяз 24 лютага ўвёў санкцыі супраць Беларусі за падтрымку ёю расейскай агрэсіі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў 16-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі да трэцяй гадавіны вайныШто прадугледжваюць санкцыі супраць Беларусі?
Забарона пашыраецца на транзыт празь Беларусь тавараў, якія могуць садзейнічаць нарошчваньню прамысловых магутнасьцяў і машынабудаваньня ў краіне.
Усю прадукцыю, пастаўкі якой прапануюць забараніць, падзялілі на 10 катэгорыяў:
- Электроніка (электронныя прылады і кампанэнты, у тым ліку мікрасхемы, працэсары, інтэгральныя схемы, праваднікі, электрамодулі, абсталяваньне ды інш.);
- Кампутары і спэцыяльныя кампанэнты для іх (ня тычыцца тавараў для асабістага карыстаньня фізычных асобаў);
- Тэлекамунікацыйнае абсталяваньне (для працы пры надзвычай нізкіх і высокіх тэмпэратурах, сыстэмы перадачы зьвестак і кампанэнты для іх, рэтрансьляцыйнае абсталяваньне, транскодэры, абсталяваньне для шыфраваньня й крыптаграфіі ды інш.);
- Сэнсары і лазэры (морскае ці наземнае акустычнае абсталяваньне, здольнае выяўляць або вызначаць месца знаходжаньня падводных аб’ектаў і кампанэнты да іх, аптычныя чуйнікі, камэры, аптычныя фільтры ды інш.);
- Навігацыя і авіятэхніка (бартавое абсталяваньне сувязі, усе інэрцыйныя навігацыйныя сыстэмы для самалётаў, іншае авіяцыйнае абсталяваньне і кампанэнты да іх і пад.);
- Вадаплавы, морскія сыстэмы ці абсталяваньне і спэцыяльна распрацаваныя для іх кампанэнты (тэлевізійныя сыстэмы, падводныя тэлекамэры ды інш.);
- Аэракасьмічныя прылады і рухавікі (дызэльныя рухавікі, трактары і спэцыяльна распрацаваныя кампанэнты для іх, колавыя і дарожныя цягачы грузападымальнасьцю 9 тонаў і больш і інш.);
- Іншая прадукцыя (абсталяваньне для здабычы або выведваньня нафты, сыстэмы кантролю газу і дэтэктары для іх, абсталяваньне для сэйсмалягічных вымярэньняў, хімічныя рэчывы для электроннай прамысловасьці ды інш.);
- Спэцыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяваньне (хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад сьлезацечнага газу, дымавыя шашкі, балёнчыкі, гранаты, іншыя піратэхнічныя вырабы двайнога прызначэньня і кампанэнты да іх, парашкі і фарбавальнікі для зьняцьця адбіткаў пальцаў, дазымэтры ды інш.);
- Апрацоўваньне матэрыялаў (абсталяваньне для выяўленьня і ідэнтыфікацыі выбуховых рэчываў або дэтанатараў і інш.).