Ва Ўкраіне да 11 верасьня затрымалі грамадзяніна Беларусі для далейшага прымусовага выправаджэньня за межы ўкраінскай тэрыторыі.
Як стала вядома Свабодзе, беларус спрабаваў 11 сакавіка выехаць з тэрыторыі Ўкраіны ў кірунку Малдовы з падробленым малдоўскім пашпартам.
Як высьветлілі ў часе паглыбленай праверкі, пашпарт быў нядзейным — старонка з інфармацыяй аб асобе была наклеена паверх арыгіналу. Таксама былі падробленыя штампы аб перасячэньні дзяржаўнай мяжы на ўезд ва Ўкраіну.
У беларуса таксама знайшлі пасьведчаньне аб нараджэньні, выдадзенае ў 1983 годзе ў Менску, пасьведчаньне аб прыпісаньні да прызыўнога ўчастку Міністэрства абароны Беларусі, выдадзенае ў 2000 годзе, і працоўную кніжку на ягонае імя.
Як патлумачыў на судовым пасяджэньні беларус, на тэрыторыю Ўкраіны ён уехаў законна, але раней яго ўжо затрымлівалі пры спробе незаконна перасекчы мяжу Ўкраіны з Польшчай. Ён прасіў суд пакінуць яго на тэрыторыі Ўкраіны.
Суд высьветліў, што ў затрыманага няма пашпарту, а ва Ўкраіне ён жыў без дакумэнтаў на права жыхарства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 1,5 эўра за дакумэнт. У Польшчы выкрылі групоўку беларусаў і ўкраінцаў, якія падраблялі пашпарты і іншыя дакумэнты