КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў» зьняволенага кіраўніка зьліквідаванай партыі «Зялёныя»

Дзьмітры Кучук, архіўнае фота

Дзьмітры Кучук, архіўнае фота

У гэты сьпіс сярод іншых трапіў кіраўнік зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы яшчэ дванаццаці чалавек.

Сярод іх Людміла Ясімчык, Аляксей Зачапіла, Павел Вабішчэвіч, Андрэй Зіненка, Алена Марозава, Дзьмітры Кучук, Алег Самародзкі, Павел Мінчык, Дзьмітры Сідарэнка, Максім Старасьценка, Аляксандар Рандарэнка, Мікалай Буневіч.

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1259 чалавек, зь іх больш за 550 — беларусы.

Улады Беларусі выкарыстоўваюць сьпіс тэрарыстаў для ўзмацненьня ціску на палітычных апанэнтаў, пагаршэньня становішча палітвязьняў у турмах.

У гэты сьпіс трапіў сярод іншых кіраўнік зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук, пакараны на 6 гадоў калёніі ў палітычна матываванай справе. Цяпер ягоны вырак уступіў у сілу, паведамілі ў КДБ Беларусі.

Кучука затрымалі 16 лютага каля расейскай амбасады ў Менску. Палітык прыйшоў да яе, каб ускласьці кветкі ў памяць памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Празь месяц стала вядома, што супраць яго пачалі крымінальную справу.

Разглядаць справу, якую праваабаронцы адназначна назвалі палітычна матываванай, пачалі 22 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе. Кучука абвінавацілі паводле двух артыкулаў — «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

50-гадовы Кучук — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю зьліквідавалі ў ліпені 2023 году). Ён узначальваў адкрытае акцыянэрнае таварыства «МС Заходняя» — прадпрыемства, якое зьбірае і перапрацоўвае адкіды. Зьняволены палітык мае дарослую дачку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніку зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Зьмітру Кучуку прысудзілі 6 гадоў калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць лідэра «зялёных» Дзьмітрыя Кучука. Яго арыштавалі пасьля ўшанаваньня памяці Навальнага