Намесьнік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалай Карпянкоў заявіў аб узбраеньні варты, каб «супрацьдзейнічаць тэрарыстам».
«Яшчэ адзін наш рашучы крок, падтрыманы міністрам унутраных справаў: ува ўсіх папраўчых установах варта дадаткова ўзброеная і прайшла дадатковую падрыхтоўку для эфэктыўнага супрацьдзеяньня тэрарыстам», — сказаў Мікалай Карпянкоў у інтэрвію выданьню sb.by.
Паводле яго, гэта зрабілі з улікам падзеяў у папраўчай калёніі ў жніўні 2024 году ў Валгаградзкай вобласьці Расеі (тады чацьвёра зьняволеных захапілі закладнікаў, пры штурме разам з злачынцамі загінулі таксама супрацоўнікі калёніі. — РС).
«Мы надалі права начальніку варты на чале з кіраўніком папраўчай калёніі праводзіць спэцыяльную апэрацыю для вызваленьня закладнікаў. У рыхтаваньні вартаў удзельнічалі інструктары САХРу, якія маюць вялікі досьвед, так што байцы і афіцэры гатовыя да неадкладных дзеяньняў. Менавіта хуткасьць рэагаваньня на сытуацыю прыносіць посьпех. Апроч таго, навучаныя і гатовы да спэцапэрацыяў вызваленьня закладнікаў і канвоі спэцыяльных вагонаў для перавозкі асобаў, узятых пад варту», — паведаміў Мікалай Карпянкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паўсталі вязьні адной з рэгіянальных калёній. Ёсьць загінулыя і параненыяУ аснове «народнага апалчэньня» — мужчыны 60-70 гадоў
Мікалай Карпянкоў таксама расказаў, як рыхтуецца «народнае апалчэньне».
«Цяпер мы актыўна рыхтуем „народнае апалчэньне“. Ахвочых сотні, але для арганізацыі ўпарадкаванай сыстэмы рыхтаваньня апалчэнцы павіны быць разьмеркаваныя па падразьдзелах, і могуць быць набраныя толькі 150-200 чалавек. Гэта сур’ёзныя мужыкі, якія служылі ў Савецкай арміі ў 70–80-я гады. Яны так моцна матываваныя, настолькі гатовыя абараняць свой дом, сваю сям’ю, дзяцей, унукаў, Радзіму, што пасьля кожнага занятку гавораць інструктарам з спэцпрызначэньня: „Калі наступны збор? І дайце нам, калі ласка, пабольш патронаў“. Людзі бачаць, што адбылося ў Курскай вобласьці, іх ня трэба агітаваць», — сказаў ён.
Калі лічыць, што мужчынам на момант пачатку службы ў Савецкай арміі было 18 гадоў, то аснову «народнага апалчэньня» складаюць мужчыны ўзростам ад 63 гадоў і старэйшыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вызначылі парадак выдачы зброі і боепрыпасаў для «народнага апалчэньня»