У Расеі журналістку судзяць, сярод іншага, за «дапамогу ў арганізацыі пахаваньня» Навальнага

Антаніна Фаворская, архіўнае фота

Антаніна Фаворская, архіўнае фота

Антаніна Фаворская езьдзіла на ўсе суды над расейскім палітыкам Аляксеем Навальным ва Ўладзіміры і Каўрове. Яна прыяжджала ў пасёлак Харп, дзе Навальны правёў апошнія тыдні жыцьця.

Расейскую журналістку Антаніну Фаворскую судзяць у тым ліку за «дапамогу ў арганізацыі пахаваньня» Аляксея Навальнага. Пра гэта яна напісала ў лісьце SotaVision.

Паводле яе словаў, ёй паставілі ў віну «рэпартажы з Каўрова, Саляхарду і Масквы», а таксама «дапамогу ў арганізацыі пахаваньня Аляксея Навальнага».

«Да такога сюррэалізму маглі дайсьці толькі тыя, хто вельмі моцна баіцца і ўмее толькі помсьціць. Але, як казаў Аляксей, ёсьць рэчы, за якія варта пасядзець. І гэта якраз той выпадак», — напісала яна.

Антаніну Фаворскую судзяць разам з трыма іншымі расейскімі журналістамі: Сяргеем Карэліным, Канстанцінам Габавым і Арцёмам Крыгерам. Усіх іх абвінавачваюць ува ўдзеле ў «экстрэмісцкай супольнасьці» (частка 2 артыкулу 282.2 КК РФ), якою расейскія ўлады лічаць Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК), штабы А. Навальнага і іншыя праекты, заснаваныя памерлым апазыцыйным палітыкам.

Апошняе відэа з Аляксеем Навальным з калёніі ў Харпе таксама зьняла Антаніна Фаворская. На наступны дзень пасьля гэтага стала вядома аб сьмерці палітыка за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год таму ў турме памёр расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны