Міністар аховы здароўя Беларусі сказаў, што ў лекараў «годныя заробкі», і назваў суму

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Міністар аховы здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў заявіў, што заробкі мэдыкаў надалей растуць і яны «абсалютна годныя».

«На цяперашні момант сярэдні заробак лекара ў нашай краіне 3189 рублёў. Гэта паказьнік, якім мы можам ганарыцца. Мы імкнемся дасягнуць мэтавага паказьніку 150% ад сярэднерэспубліканскага заробку, і сёньня мы блізкія да яго выкананьня», — працытавала выданьне «Люстэрка» Аляксандра Хаджаева зь ягонага інтэрвію тэлеканалу СТВ.

Паводле яго, дзякуючы падтрыманьню ўладаў, у тым ліку ковідным надбаўкам, лекары ня толькі ня страцілі ў даходах, але і надалей атрымлівалі вышэйшыя заробкі. Ён адзначыў, што цяпер узровень заробку лекараў у Беларусі застаецца на першым месцы сярод працаўнікоў сацыяльнай сфэры.

Выданьне нагадала, што сярэдні заробак да сплаты падаткаў у ахове здароўя ў студзені 2025 году склаў 2049,1 рубля, што на 118,6 рубля менш у параўнаньні зь сьнежнем 2024 году (2167,7 рубля). Лекары ў студзені атрымалі 3793,8 рубля, што перавысіла паказьнікі мінулага месяца, калі іхны сярэдні заробак склаў 3723,2 рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырасла колькасьць беларусаў, якія выяжджаюць на заробкі за мяжу. Большасьць — у Расею