Многія элемэнты канчатковага пагадненьня аб Ўкраіне былі ўзгодненыя, але многае яшчэ трэба зрабіць, заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перад сёньняшняй тэлефоннай размовай з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
«Заўтра раніцай я буду гаварыць з прэзыдэнтам Пуціным аб вайне ва Ўкраіне. Многія элемэнты канчатковага пагадненьня былі ўзгодненыя, але шмат яшчэ трэба зрабіць. Гінуць тысячы маладых салдатаў. Кожны тыдзень з абодвух бакоў гінуць 2500 салдатаў, і гэта павінна спыніцца зараз, я вельмі чакаю размовы з прэзыдэнтам Пуціным», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Таксама падчас размовы з журналістамі Трамп зноў заявіў аб нібыта атачэньні ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Заўтра я буду размаўляць з прэзыдэнтам Расеі Пуціным, каб выратаваць некаторых [украінскіх] салдатаў, якія трапілі ў вялікую бяду. Насамрэч яны захопленыя. Іх атачаюць расейскія салдаты...», — сказаў ён.
Пасьля папярэдніх падобных заяваў Трампа ўкраінскі бок адзначыў, што ён «прысутны» на тэрыторыі Курскай вобласьці, а заявы аб атачэньні там украінскіх войскаў непраўдзівыя.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заяўляў, што плянуе правесьці тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 18 сакавіка. Паводле яго слоў, размова пойдзе, у прыватнасьці, аб «падзеле некаторых актываў», аб «тэрыторыях і электрастанцыях».
У Крамлі пацьвердзілі, што плянуецца размова Трампа і Пуціна.
Пасьля перамоваў у Саудаўскай Арабіі ўкраінскія і амэрыканскія афіцыйныя асобы абвясьцілі 11 сакавіка, што Кіеў пагадзіўся з прапановай аб 30-дзённым спыненьні агню.
Масква пакуль прахалодна паставілася да гэтай ідэі, а Пуцін прапанаваў дадатковыя ўмовы, у тым ліку замарожваньне паставак Кіеву амэрыканскай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі МЗС Эўразьвязу не ўзгаднілі пакет дапамогі для Ўкраіны