Міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац заявіў, што Ізраіль «аднавіў баявыя дзеяньні».
Паводле слоў прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу, ён аддаў загад аб паветраных ударах у адказ на брак прагрэсу ў перамовах аб працягу рэжыму спыненьня агню. У заяве міністра абароны Ізраілю сказана, што баявыя дзеяньні ня спыняцца датуль, «пакуль нашыя закладнікі ня будуць вернутыя дадому і мы не дасягнем усіх мэтаў у гэтай вайне».
У заяве групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнаю ў ЗША і Эўразьвязе, гаворыцца, што парушэньне Ізраілем дамовы аб спыненьні агню ставіць пад пытаньне лёс «зьняволеных у Газе».
Прадстаўнік Белага дому Кэралайн Лівіт паведаміла, што Ізраіль папярэдне паінфармаваў адміністрацыю Трампа аб намеры нанесьці паветраныя ўдары.
Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць свае крыніцы ў ізраільскім кіраўніцтве, якія кажуць, што абʼектамі ўдараў сталі камандзіры ХАМАС сярэдняга ўзроўню, кіраўніцтва групоўкі і яе інфраструктура. Яны мяркуюць, што паветранымі ўдарамі апэрацыя не абмяжуецца.
Журналісты Al Jazeera, у сваю чаргу, паведамляюць аб шматлікіх загінулых мірных жыхарах. Канал публікуе відэазапісы зь меркаванымі ахвярамі і пацярпелымі, у ліку якіх жанчыны і дзеці. Паведамляецца, што забітых ужо больш за дзьвесьце. Ва ўмовах вайны апэратыўна вэрыфікаваць гэтую інфармацыю ў незалежных крыніцах немагчыма.
Баявыя дзеяньні адноўленыя праз два месяцы пасьля ўступленьня ў сілу рэжыму спыненьня агню. У рамках пагадненьня групоўка ХАМАС вызваліла больш за трыццаць ізраільскіх закладнікаў у абмен на вызваленьне з ізраільскіх турмаў амаль дзьвюх тысяч палестынцаў. Першая фаза перамірʼя завершана два тыдні таму, далейшыя перамовы аб наступнай фазе перамірʼя, аб вызваленьні амаль шасьцідзесяці закладнікаў, менш за палову якіх, паводле ізраільскіх ацэнак, яшчэ жывыя, і аб дамове пра спыненьне вайны зайшлі ў тупік.
Некалькі дзён таму прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы зрабіў «апошняе папярэджаньне» групоўцы ХАМАС, запатрабаваўшы вызваліць усіх ізраільскіх закладнікаў. «З ХАМАСам будзе скончана», — папярэдзіў Дональд Трамп. Паводле яго слоў, ён накіроўвае Ізраілю ўсё неабходнае, каб гэтага дабіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ХАМАС перадаў целы чатырох ізраільскіх закладнікаў, у адказ Ізраіль адпусьціць 625 палестынскіх зьняволеныхВайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
- 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.