Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Палітвязьню прызначылі максымальны тэрмін зьняволеньня. Яго абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці» (арт. 358-1 КК) з 2018 па 2024 гады. Працэс у закрытым рэжыме з 14 студзеня вяла судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч.
Масатосі Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 году, але падрабязнасьці яго перасьледу расказалі ў сюжэце БТ толькі ў верасьні. Сьцьвярджалі, што японец «ажыцьцяўляў збор і перадачу на адрас японскай спэцслужбы выведнай інфармацыі вайсковага характару».
«З моманту ўзьнікненьня гэтага інцыдэнту ўрад падтрымліваў сувязь зь беларускім бокам, у тым ліку заклікаў да неадкладнага вызваленьня Масатосі Наканісі. З пункту гледжаньня абароны нашых грамадзян мы працягнем прымаць адпаведныя захады», — заявіла амбасада ў камэнтары японскай тэлерадыёкампаніі NHK.
Неадкладна вызваліць асуджанага ў Беларусі грамадзяніна Японіі Масатосі Наканісі заклікала Сьвятлана Ціханоўская.
«Выкладчык унівэрсытэту быў абвінавачаны ў „зборы выведнай інфармацыі“. Як і іншых палітычных зьняволеных, яго паддае дэгуманізацыі прапаганда рэжыму», — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
- Паводле праваабаронцаў, з пачатку выбарчай кампаніі 2020 году як мінімум 75 іншаземцаў трапілі пад палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Некаторых украінскіх грамадзян удалося вызваліць праз абмен. Так, пяць чалавек былі перададзеныя Ўкраіне ў абмен на расейскіх палонных. Рыка Крыгер, грамадзянін Нямеччыны, якому ў Беларусі прысудзілі сьмяротнае пакараньне, быў перададзены Нямеччыне ў рамках вялікага абмену вязьнямі, калі зь нямецкай турмы быў вызвалены афіцэр Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Вадзім Красікаў.
- Сярод тых, хто застаецца за кратамі, мінімум 13 украінцаў, якіх асудзілі пераважна за «агентурную дзейнасьць», шпіянаж, камэнтары і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Таксама ў турмах знаходзяцца ня менш за восем грамадзян Расеі, асуджаных паводле розных артыкулаў. Чацьвёра палякаў атрымалі жорсткія прысуды, трое зь іх — больш за 10 гадоў зьняволеньня. Сярод палітвязьняў таксама чацьвёра латышоў, адзін зь іх накіраваны на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Па адным зьняволеным ёсьць зь Літвы, Эстоніі, ЗША, Японіі і Швэцыі. Акрамя таго, у сьпісах ёсьць адзін іншаземец, чыё грамадзянства невядомае.