На яе старонцы ў сацыяльнай сетцы Х зьявіўся допіс з партрэтам зьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка.
«Для нас, народаў, якія жывуць пад тыраніяй, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і Голас Амэрыкі гэта сымбалі свабоднага сьвету — галасы праўды. Многія, як Ігар Лосік, у турме за працу зь імі. Для ЗША яны магутныя інструмэнты мяккай сілы, якія робяць Амэрыку мацнейшай і больш бясьпечнай. Страціць іх было б сур’ёзнай памылкай».
Ігар Лосік — супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода. У сьнежні 2021 году ён быў асуджаны на 15 гадоў з абвінавачаньнем у «арганізацыі і рыхтаваньні дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
За кратамі таксама застаецца былы журналіст Свабоды Ігар Карней. У сьнежні 2024 году Шклоўскі раённы суд дадаў Ігару Карнею яшчэ 10 месяцаў зьняволеньня за «непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 Крымінальнага кодэксу) у дадатак да 3 гадоў калёніі, якія яму прысудзіў суд Менску ў 2024 годзе паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Увечары 14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), якое адказвае за Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) і іншыя амэрыканскія мэдыярэсурсы для замежнай аўдыторыі.
Указ таксама закранае агенцтвы, якія займаюцца пытаньнямі бяздомнасьці, працоўных спрэчак і разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў.
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай зь пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы або функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаворыцца ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе RFE/RL, быў спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара (USAGM) з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Лэйк была вылучана на пасаду кіраўніка Голасу Амэрыкі Трампам, але яе кандыдатуру яшчэ павінна ўхваліць Кансультацыйная рада міжнароднага вяшчаньня (незалежны фэдэральны орган).
Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар RFE/RL Стывэн Капус сказаў, што скасаваньне пагадненьня аб гранце стане «велізарным падарункам ворагам Амэрыкі».
«Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідэры і аўтакраты ў Маскве і Менску будуць сьвяткаваць спыненьне існаваньня RFE/RL пасьля 75 гадоў. Перамога нашых супернікаў зробіць іх мацнейшымі, а Амэрыку слабейшай», — сказаў ён.
«Мы карысталіся моцнай двухпартыйнай падтрымкай на працягу ўсёй слаўнай гісторыі RFE/RL. Бяз нас амаль 50 мільёнаў чалавек у закрытых грамадзтвах, якія кожны тыдзень залежаць ад нас у атрыманьні дакладных навін і інфармацыі, ня будуць мець доступу да праўды аб Амэрыцы і сьвеце», — дадаў Капус.
USAGM — незалежнае дзяржаўнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе трансьляцыю навін і інфармацыйных праграмаў амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек кожны тыдзень.
Бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў, што павінна пакрыць усе яго апэрацыйныя выдаткі і капітальныя ўкладаньні. У бюджэт уваходзяць мэдыяплятформы:
- Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL),
- Голас Амэрыкі,
- Радыё Свабодная Азія,
- Офіс радыётрансьляцыі на Кубу (Radio Martí),
- Блізкаўсходнія радыётрансьляцыйныя сеткі (MBN)
- Фонд адкрытых тэхналёгіяў.
«Абуральна, што Белы дом спрабуе зьнішчыць фінансаванае Кангрэсам агенцтва падтрымкі незалежнай журналістыкі, якая кідае выклік наратывам аўтарытарных рэжымаў ува ўсім сьвеце», — заявіў Карляс Мартынэс дэ ля Сэрна, дырэктар праграмаў Камітэту абароны журналістаў, у заяве 15 сакавіка.
«Мы заклікаем лідэраў Кангрэсу абараніць гэтае найважнейшае агенцтва, якое дае неадцэнзураваныя навіны ў краінах, дзе прэса абмежаваная».
Падчас свайго першага тэрміну прэзыдэнцтва Трамп, які ад моманту вяртаньня ў Белы дом у студзені прыняў шэраг захадаў для скарачэньня дзяржаўных выдаткаў, канфліктаваў з USAGM наконт рэдакцыйнай незалежнасьці і кірунку праграмаў.
Пасьля вяртаньня да ўлады ён зноў выказаў падобныя засьцярогі. Сябры USAGM лічаць, што гэтыя мэдыярэсурсы зьяўляюцца важным інструмэнтам дыпляматыі ЗША.
Акрамя USAGM, пад дзеяньне ўказу патрапілі:
- Фэдэральная служба пасярэдніцтва і прымірэньня
- Міжнародны цэнтар навукоўцаў імя Вудра Вільсана пры Смітсанаўскім інстытуце
- Інстытут музэйных і бібліятэчных паслугаў
- Міжведамасная рада ЗША ў пытаньнях бяздомнасьці
- Фонд фінансавых інстытутаў разьвіцьця супольнасьцяў
- Агенцтва разьвіцьця бізнэсу нацыянальных меншасьцяў.