Латвія перакрывала рух транспарту праз кантрольна-прапускны пункт «Патэрніекі» (зь беларускага боку «Грыгараўшчына») на мяжы зь Беларусьсю.
Афіцыйны канал Памежнага камітэту Беларусі паведамляе, што легкавыя аўтамабілі ды грузавікі цягам 9 гадзінаў не пускалі як з Латвіі ў Беларусь, так і ў адваротным кірунку.
Латвійскія памежнікі перакрылі дарогу мэталічнымі агароджамі. Гэта адбылося а 14-й гадзіне беларускага часу. Аб прычынах афіцыйна не паведамлялі. У памежных чатах пісалі, што ўцекачы на роварах спрабавалі ўехаць празь Беларусь у Латвію і таму латвійскі бок выставіў агароджу, паведамляла «Наша Ніва».
Увечары Памежны камітэт паведаміў, што ў 22:40 рух праз КПП адноўлены.
«Патэрніекі – Грыгараўшчына» — апошні дзейны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Латвіі.