У Літве дапускаюць магчымасьць скасаваць забарону на разьмяшчэньне ў краіне ядзернай зброі

Довіле Шакалене, міністарка абароны Літвы

Довіле Шакалене, міністарка абароны Літвы

Улады Літвы могуць разгледзець магчымасьць унясеньня зьменаў у Канстытуцыю краіны ў выпадку зьяўленьня рэальных прапановаў ад саюзьнікаў наконт разьмяшчэньні ядзернай зброі. Аб гэтым заявіла сёньня літоўская міністар абароны краіны Довіле Шакалене.

Пра гэта паведамляе партал Delfi.

«Мы лічым, што неабходна ацаніць магчымасьці ўнясеньня зьменаў у артыкул 137 Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі, калі нашы саюзьнікі прапануюць пэўныя рэальныя пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі або яе кампанэнтаў у Літве, а таксама перагледзець іншыя абавязацельствы», — сказала міністар.

Паводле артыкулу 137 Канстытуцыі Літвы, «на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі ня можа быць зброі масавага паражэньня і вайсковых базаў замежных дзяржаў».

Паводле слоў Шакалене, на гэты момант афіцыйных прапаноў ад партнэраў не паступала, аднак краіна павінная быць гатовая да прыняцьця адпаведных рашэньняў у выпадку зьмены сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон ня выключыў, што Францыя возьме краіны ЭЗ пад ядзерны парасон

Раней прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон прапанаваў правесьці «дэбаты аб абароне саюзьнікаў на эўрапейскім кантынэнце» з дапамогай францускіх сілаў ядзернага стрымліваньня

Днямі за разьмяшчэньне амэрыканскай ядзернай зброі ў Польшчы выказваўся прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. На ягоную думку, гэта стала б фактарам стрымліваньня. Ён ужо неаднаразова выказваўся за пашырэньне праграмы Nuclear Sharing.

Зараз у межах праграмы Nuclear Sharing амэрыканская тактычная ядзерная зброя разьмешчаная ў Бэльгіі, Італіі, Нідэрляндах, Нямеччыне і Турэччыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Дуда заклікаў ЗША разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Польшчы