На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае расейскі палітоляг Аляксандар Марозаў.
— Сёньня адбыўся візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, першы пасьля сёлетніх выбараў. Напэўна цэнтральнай падзеяй візыту стала прэсавая канфэрэнцыя яго і Пуціна, на якой прэзыдэнт Расеі агучыў адказ на прапанову ЗША аб перамір’і. Яго заява — гэта згода на перамірʼе? Ці ўмовы, агучаныя Пуціным на прэсавай канфэрэнцыі, робяць перамірʼе немагчымым?
— Адказ Пуціна на прапанову Дональда Трампа гучыць так — мы згодныя зараз не на перамірʼе, а на абмеркаваньне яго ўмоваў. І з майго пункту гледжаньня гэта разбурае ўсю канструкцыю, якую будаваў Трамп. Зыходная ідэя палягала ў спыненьні агню без папярэдніх умоваў. І Кіеў на гэта пагадзіўся, не выстаўляючы ніякіх сваіх умоваў. Пуцін настойвае на тым, што маюцца папярэднія ўмовы, што цягам гэтых 30 дзён не пастаўляецца зброя Ўкраіне ці ў гэтыя 30 дзён не адбываецца мабілізацыі ва Ўкраіне. Калі пачынаць выстаўляць умовы, у такім выпадку гэта ўжо не спыненьне агню без папярэдніх умоў. Пуцін ставіць сабе за мэту ўцягнуць амэрыканцаў у доўгія перамовы. Ён імкнецца прапанаваць Трампу стварэньне розных перамоўных групаў, кансультацыйных групаў і ў выніку заблытаць саму гэтую ідэю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: мы за мір, але застаецца шмат пытаньняў— Сёньня раніцай у размове з журналістамі Лукашэнка казаў пра супольную пазыцыю адносна вайны і перамірʼя ў прыватнасьці. І Пуцін выказаў сваё стаўленьне да амэрыканскай прапановы седзячы побач з Лукашэнкам, Ці ня стала гэта для Лукашэнкі галоўным вынікам яго візыту?
— Лукашэнка хацеў быць уцягнутым у магчымыя перамовы аб урэгуляваньні, ён пра гэта наўпрост заяўляў, але не зусім мог на гэта разьлічваць. Пуцін, несумненна, паказаў, што Лукашэнка тут патрэбны, што ён на месцы. Пры гэтым Лукашэнка нават захоўвае некаторую дыстанцыю ў адносінах да таго, што адбываецца. Ён кажа, што калі Крэмль ня будзе занадта моцна ціснуць, то, магчыма, перамовы аб перамірʼі скончацца пасьпяхова. Для Лукашэнкі вельмі важна, што ён знаходзіўся ў Крамлі ў гэты момант. Іншая рэч, што ён не атрымае ад гэтага нічога канкрэтна. Менск ня будзе месцам перагавораў. «Менску-3» як такога не будзе, Лукашэнка ня можа быць у гэтай сытуацыі ніякім пасярэднікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі заявілі, што лічаць Менск найлепшым месцам для перамоваў аб сканчэньні вайны ва Ўкраіне— Нядаўна Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю прапанаваў Менск у якасьці месца правядзеньня мірных перамоваў паміж Трампам, Зяленскім і Пуціным. Пяскоў сказаў, што гэта было б найлепшае месца, бо «Беларусь — наш галоўны саюзьнік». Менск як месца для перамоваў — гэта рэальна? І Саудаўская Арабія — ужо «намоленае месца»?
– Я не магу сабе ўявіць, каб зараз Пуцін пагадзіўся б на перамовы ў Менску. Цяжка ехаць па балючым месцы, гэта значыць па месцы няўдачы, таму што ўсё ж такі Менскія пагадненьні скончыліся відавочна катастрафічна ў выніку. Таму, на маю думку, будуць выбіраць месца новае, каб не было дрэнных асацыяцый. Але сапраўды Лукашэнка прапанаваў гэта ў інтэрвію амэрыканскаму блогеру, і Пяскоў сапраўды сказаў, што гэта найлепшае месца для перамоваў. Але думаю, што Пяскоў ня меў на ўвазе, што Расея гатовая праводзіць у Менску такія перамовы. Пяскоў хацеў падкрэсьліць, што Лукашэнка, што б ён ні казаў, сапраўды зьяўляецца вельмі важнай фігурай для Крамля. Мы назіраем ужо шмат гадоў, што Пуцін вельмі падоўгу мае зносіны з Лукашэнкам і, відаць, знаходзіць у гэтым нешта для сябе.
— «Беларусь — галоўны саюзьнік» Пяскова — гэта як цар Аляксандар ІІІ некалі назваў чарнагорскага князя Мікалая сваім «адзіным сябрам»? Такая бізантыйская іронія. Ну якая Чарнагорыя была адзіным сябрам Расейскай імпэрыі? Якая Беларусь «галоўны саюзьнік» сучаснай Расеі?
— Лукашэнка ўвасабляе для Пуціна ідэал постсавецкай прасторы. Гэта значыць, заваяваньне Ўкраіны павіннае прывесьці, паводле яго задумы, да нейкага фармату цяперашняй Беларусі. Калі зыходзіць з думкі, што Крэмль хацеў бы разьдзяленьня Ўкраіны на часткі і каб там засталося тры заходнеўкраінскія вобласьці асобнай дзяржавай, а ўсё астатняе ператварылася б у дзяржаву-сатэліт, то Лукашэнка, з пункту гледжаньня Пуціна, увасабляе ідэальны варыянт гэтага рашэньня. Гэта значыць дастаткова таго, каб ва Ўкраіны зьявіўся свой Лукашэнка і ў такім выпадку гэта было б рэалізацыяй артыкулу Пуціна 2021 года аб адзінстве трох народаў. Крэмль паказвае, што для яго гэта ідэальны варыянт вырашэньня праблем постсавецкай прасторы. З аднаго боку, сувэрэнітэт як бы захоўваецца, і лідэр Беларусі ўвесь час гаворыць аб сваім сувэрэнітэце і нават дазваляе сабе ў нейкіх пытаньнях дыстанцыянавацца публічна ад Крамля, паказваючы, што ён зьяўляецца трэцім бокам у палітыцы. Але пры гэтым захоўвае поўную ляяльнасьць да Крамля, што ён і прадэманстраваў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.