Лукашэнка падпісаў указ аб абмене з Расеяй інфармацыяй аб перасячэньні мяжы

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падпісаў указ нумар 107 «Аб інфармацыйнай сыстэме абмену зьвесткамі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства».

Пра гэта са спасылкай на прэсавую службу Лукашэнкі паведамляе БЕЛТА.

У паведамленьні сьцьвярджаецца, што ўказ прыняты ў мэтах удасканаленьня падыходаў да фармаваньня адзінай міграцыйнай прасторы на агульных прынцыпах дзяржаў — удзельніц Дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы.

Новы ўказ накіраваны на рэалізацыю беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб узаемным прызнаньні віз і па іншых пытаньнях, зьвязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Указам прадугледжваецца стварэньне інфармацыйнай сыстэмы абмену зьвесткамі аб перасячэньні мяжы ў пунктах пропуску, аб выдадзеных і канфіскаваных (ці ануляваных) дакумэнтах на права ўезду і выезду (транзыту), а таксама пасьведчаньняў асобы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

  • У студзені 2025 году пачало дзейнічаць пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларусьсю і Расеяй. Яно было падпісана яшчэ ў 2020 годзе, але чатыры гады бакі займаліся вырашэньнем тэхнічных пытаньняў.
  • Таксама зь 1 студзеня 2025 году пачала працаваць адзіная сыстэма аўтастрахаваньня ў Беларусі і Расеі. Цяпер правам на заключэньне дамовы АСАГА могуць надзяляцца выключна страхавальнікі зь месцам сталага знаходжаньня ў Расеі ці Беларусі. Сам аўтатранспартны сродак павінен быць зарэгістраваны на іх тэрыторыі. У выпадку ДТЗ пакрыцьцё стратаў будзе вызначацца паводле заканадаўства той краіны, дзе адбылося здарэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея падпішуць дамову пра абарону грамадзян «ад неабгрунтаванага перасьледу замежнымі дзяржавамі»