Прэсавы сакратар Пуціна пракамэнтаваў спрэчку Зяленскага і Трампа

Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, Дж. Д. Вэнс, Вашынгтон, 28 лютага 2025

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў пракамэнтаваў гарачую спрэчку паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і США Ўладзімірам Зяленскім і Дональдам Трампам. Дыскусія адбылася 28 лютага ў Белым доме падчас візыту Зяленскага ў ЗША.

Словы Пяскова прыводзіць расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости»: «Словы Зяленскага ў Белым доме яшчэ раз даказалі рацыю Пуціна ў тым, што адкрытасьць Масквы да ўрэгуляваньня ўпіраецца ў нежаданьне Кіева. Негатовасьць Зяленскага саступаць тэрыторыі зьвязаная зь яго нежаданьнем успрымаць рэальны стан спраў».

Пяскоў таксама сказаў: «Вельмі важна, каб нехта прымусіў самога Зяленскага памяняць пазыцыю. Ён ня хоча міру, хтосьці павінен прымусіць Зяленскага захацець міру. Калі гэта могуць зрабіць эўрапейцы — гонар ім і хвала».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў аб мірным пляне, які прадставяць партнэрам у ЗША: «Украіна не прызнае акупацыю Расеяй тэрыторый»

«РИА Новости» прыводзіць словы прэсавага сакратара Крамля наконт пэрспэктываў мірнага ўрэгуляваньня:

  • ️Зьяўляюцца першыя накіды эвэнтуальных мірных плянаў, але ўзгодненага пляну пакуль няма. ️
  • Калектыўны Захад часткова стаў страчваць калектыўнасьць, пачынаецца нюансаваньне пазыцый: ёсьць «партыя вайны», якая хоча працягу канфлікту ва Ўкраіне.
  • ️Павышэньне ўзроўню фінансаваньня Кіева з боку Эўропы трэба не для мірнага пляну, а для працягу баявых дзеяньняў.

Як паведаміла газэта The New York Times са спасылкай на неназванага прадстаўніка адміністрацыі, сёньня прэзыдэнт Дональд Трамп правядзе з высокімі чыноўнікамі сваёй адміністрацыі нараду, прысьвечаную палітыцы ў дачыненьні да Ўкраіны. У сустрэчы возьмуць удзел, сярод іншых, дзяржсакратар Марка Рубіё і міністар абароны Піт Гэгсэт. Будуць абмяркоўвацца, як перадаюць, розныя варыянты дзеяньняў, аж да прыпыненьня або поўнага скасаваньня вайсковай дапамогі Ўкраіне, у тым ліку ўхваленых пры адміністрацыі Джо Байдэна паставак боепрыпасаў і ўзбраеньняў.

Сёньня Трамп у сацыяльнай сетцы Truth напісаў, што Злучаным Штатам варта менш турбавацца наконт дзеяньняў расейскага прэзыдэнта Пуціна і засяродзіцца на іншых праблемах. «Мы павінны менш турбавацца аб Пуціну, а больш — аб бандах мігрантаў-гвалтаўнікоў, наркабаронаў, забойцаў і людзей з псыхіятрычных клінік, якія ўяжджаюць у нашую краіну — каб мы ня сталі падобныя да Эўропы!» — напісаў Трамп.