ВНУ Беларусі закрыюць каля 50 спэцыяльнасьцяў

Андрэй Іванец

Андрэй Іванец

З пачатку наступнага навучальнага году сыстэму вышэйшай адукацыі Беларусі чакаюць зьмены.

Міністар адукацыі краіны Андрэй Іванец на тэлеканале СТВ заявіў, што дзеля выкананьня ўказу Лукашэнкі на базах вытворчасьці будуць ствараць навучальныя клясы. Плянуецца адкрыцьцё каля 50 такіх клясаў.

Пры гэтым ВНУ краіны закрыюць каля 50 спэцыяльнасьцяў. Гэта, на думку Міністэрства адукацыі, дазволіць унівэрсытэтам адмовіцца ад «няпрофільнай адукацыі». Іванец лічыць, што кожная ВНУ мусіць ацэньваць свой прафэсарска-выкладчыцкі склад і разумець, на чым канкрэтна спэцыялізуецца.

На базе ўнівэрсытэтаў будуць стварацца так званыя «цэнтры кампэтэнцый», два такія цэнтры ўжо стварылі летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвядуць электронную чаргу для абітурыентаў ВНУ. Калі і як яна пачне працаваць

Пры гэтым у ВНУ адкрыюць і новыя спэцыяльнасьці. Іванец анансаваў, што ў 2025-м на базе БДУ зьявіцца «інтэлектуальная электроніка», дзе будуць рыхтаваць спэцыялістаў для галіны мікра- і нанаэлектронікі.

У Магілёўскім унівэрсытэце хімічных і харчовых тэхналёгій адкрыецца спэцыяльнасьць, зьвязаная з харчовай бясьпекай. У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце ўвядуць спэцыяльнасьць «фізычная культура, вайскова-патрыятычнае выхаваньне».

У лютым 2024 году Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «узварушыць ВНУ», каб студэнты атрымлівалі якасную адукацыю і «ня беглі» за мяжу, а самі ўстановы рыхтавалі выпускнікоў па спэцыяльнасьцях, на якія ёсьць попыт.

Іванец запэўнівае, што новыя спэцыяльнасьці будуць адпавядаць запытам грамадзтва і эканомікі дзяржавы.

Выказаўся міністар і пра прыватныя школы. У адным Менску і Менскай вобласьці іх было каля 50, а засталося сем, пры гэтым Іванец гаворыць, што ня ўсе гэтыя ўстановы нават пазыцыянавалі сябе як адукацыйныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі будуць рыхтаваць спэцыялістаў у працы з ракетным палівам