Трамп заявіў, што прапануе Кітаю і Расеі скараціць вайсковыя выдаткі і ядзерны арсэнал

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Вашынгтон, 10 лютага 2025

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пасьля таго, як аціхнуць войны ва Ўкраіне і сэктары Газа, ён мае намер сустрэцца з Кітаем і Расеяй для абмеркаваньня скарачэньня вайсковых выдаткаў.

Пра гэта ён сказаў журналістам у Белым доме.

«Калі мы ўсё ўладзім, то адной зь першых сустрэч я хачу правесьці з прэзыдэнтам Кітая Сі і прэзыдэнтам Расеі Пуціным. І я хачу сказаць: давайце скароцім наш вайсковы бюджэт удвая», — цытуе яго Associated Press.

Трамп таксама заявіў, што хоча аднавіць перамовы з Кітаем і Расеяй у пытаньні скарачэньня ядзерных арсэналаў. Пра гэта ён гаварыў і падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі ў Белым доме. «У нас няма прычын ствараць зусім новую ядзерную зброю», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі і Дональд Трамп у Белым доме. Вашынгтон, 13 лютага 2025

Па дадзеных Міжнароднага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў (IISS), у 2024 годзе агульныя выдаткі Расеі на абарону вырасьлі на 42% у рэальным вымярэньні і склалі 13,1 трлн рублёў ($462 млрд). У 2025 годзе яны вырастуць яшчэ на 13,7% і дасягнуць 15,6 млрд рублёў, што адпавядае 7,5% ВУП, або амаль 40% расейскіх фэдэральных выдаткаў.

Для параўнаньня, абаронныя бюджэты эўрапейскіх краін разам узятых, уключаючы Вялікую Брытанію і ЭЗ, летась вырасьлі амаль на 12% і склалі 457 млрд долараў— што на 5 млрд долараў менш, чым выдаткі Масквы.

У чэрвені 2024 году быў абнародаваны даклад Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру аб ядзернай зброі. Зь яго вынікае, што ўсе дзевяць ядзерных дзяржаў — ЗША, Расея, Кітай, Францыя, Вялікая Брытанія, Індыя, Пакістан, Ізраіль і Паўночная Карэя — пашырылі свае арсэналы, а колькасьць апэратыўна разгорнутых ядзерных узбраеньняў вырасла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп анансаваў сустрэчу прадстаўнікоў Расеі, Украіны і ЗША ў Мюнхэне