Дэлегата «Ўсебеларускага народнага сходу» ад Добрушчыны другі раз будуць судзіць за хабар

Віктар Байдаў (справа) на здымку прапагандыстаў на ягонае 70-годзьдзе

Віктар Байдаў (справа) на здымку прапагандыстаў на ягонае 70-годзьдзе

Чыноўнік з Добрускага раёну ўжо раней быў на лаве падсудных у справе за хабарніцтва.

Былы дырэктар ААТ «Калінінскі», дэпутат, удзельнік «Усебеларускага народнага сходу» ад Добрускага раёну Віктар Байдаў праходзіць абвінавачаным у новай крымінальнай справе.

Яго прозьвішча зьявілася ў раскладзе раённага суду, які 13 лютага пачне разглядаць крымінальную справу аб перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў, а таксама службовай падробцы.

Пры гэтым Байдаў на волі, адзначае выданьне «Флагшток». Больш за тое — у студзені яго ўшаноўвалі ў былым калектыве, старонка ААТ «Калінінскі» публікавала здымак, на якім экс-дырэктара ўрачыста віншуюць з 70-годзьдзем.

Да юбілею Байдава станоўчы артыкул пра яго апублікавала газэта райвыканкаму «Добрушскі край». Але затым прапагандысты, відаць, выдалілі матэрыял — цяпер ён не адкрываецца пад спасылкай у пошуку. Сацыяльныя сеткі газэты таксама пачысьцілі ад згадак Байдава.

У лістападзе 2023 году чыноўнік быў сярод абвінавачаных у карупцыйных артыкулах: «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі», «Службовая падробка», «Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў», а таксама «Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рызыку хабарніцтва ў Беларусі ацанілі як самую высокую ў Эўропе, — рэйтынг 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​З турмы — у калгас. Чаму Лукашэнка вяртае на кіраўнічыя пасады чыноўнікаў-карупцыянэраў