Амэрыканская кампанія NowSecure, якая займаецца кібэрбясьпекай, на гэтым тыдні апублікавала ацэнку кітайскага чат-боту вялікай моўнай мадэлі DeepSeek. Паводле гэтага дасьледаваньня, аплікацыя DeepSeek мае крытычныя праблемы зь бясьпекай і стварае сур’ёзную пагрозу для карыстальнікаў.
Асабліва гэта тычыцца апэрацыйнай сыстэмы iOS, якая выкарыстоўваецца на прыладах Apple.
Паводле экспэртаў NowSecure чат-бот зьбірае прыватныя зьвесткі пра карыстальнікаў — імёны, асабістыя ідэнтыфікатары, паролі, месцазнаходжаньне, біямэтрыю (адбіткі пальцаў і твару, голас) ды іншае і без шыфраваньня перасылае гэта на сэрвэры кітайскай карпарацыі ByteDance, якая валодае сацыяльнай сеткай TikTok і лічыцца зьвязанай з кітайскімі ўладамі.
Экспэрты адзначылі, што аплікацыя DeepSeek адключае на прыладах Apple сыстэму App Transport Security (ATS), якая абараняе даныя карыстальнікаў ад перахопу ў інтэрнеце. Гэта азначае, што хакеры ці спэцслужбы дзякуючы DeepSeek, могуць узламаць прылады карыстальнікаў ці нават атрымаць над імі поўны дыстанцыйны кантроль.
NowSecure раіць усім карыстальнікам дадатку DeepSeek выдаліць яго зь любых сваіх прыладаў. Гэтую аплікацыю па ўсім сьвеце спампавалі ўжо больш за 10 мільёнаў чалавек.
Раней спэцыялісты ў кібэрбясьпецы зь іншай амэрыканскай кампаніі, Wiz Research, знайшлі выцек зьвестак з DeepSeek.
У канцы студзеня кітайская кампанія DeepSeek запусьціла бясплатную вялікую моўную мадэль і гэта выклікала падзеньня цаны акцый іншых кампаній, якія працуюць над стварэньнем штучнага інтэлекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба разумець, з кім мы дзелімся інфармацыяй». Расказваем правілы бясьпечнага карыстаньня нэўрасеткамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскі стартап DeepSeek запусьціў бясплатнага памочніка штучнага інтэлекту і выклікаў масавы распродаж акцый на рынку