Канадзкі і мэксыканскі экспарт у Злучаныя Штаты будзе ісьці ў ЗША з 25% тарыфам з 4 лютага, хоць энэргарэсурсы з Канады будуць мець меншы, 10-працэнтны збор.
Тавары з Кітаю, якія ўжо абкладаюцца рознымі мытамі, будуць абкладацца дадатковымі 10-працэнтнымі, піша AFP.
Загады Дональда Трампа таксама прыпынілі выключэньні, якія дазваляюць бязмытна ўвозіць у ЗША тавар зь нізкай цаной з трох краін.
Новыя мыты пагражаюць збоямі ў ланцужках паставак, ад энэргетыкі да аўтамабіляў і прадуктаў харчаваньня.
Пры ўвядзеньні тарыфаў Трамп спаслаўся на Закон аб міжнародных надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах, а Белы дом заявіў, што «надзвычайная пагроза, якую нясуць нелегальныя мігранты і наркотыкі, у тым ліку сьмяротны фэнтаніл, правакуе надзвычайнае становішча ў краіне».
Мэта Трампа — прымусіць усе тры краіны «адказаць за іх абяцаньні спыніць нелегальную іміграцыю і спыніць паступленьне атрутнага фэнтанілу і іншых наркотыкаў у нашу краіну», дадалі ў Белым доме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калюмбія пагадзілася прыняць з ЗША самалёты з дэпартаванымі суайчыньнікамі пасьля пагрозаў Трампа ўвесьці мытаМіністэрства гандлю Кітаю заявіла, што прыме «адпаведныя контразахады» і падасць пазоў супраць Вашынгтону ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
Прэзыдэнт Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм абвясьціла, што яе краіна ўвядзе мыты ў адказ. Яна сказала, што загадала міністру эканомікі «рэалізаваць „плян B“, над якім мы працавалі, і які ўключае тарыфныя і нетарыфныя захады ў абарону інтарэсаў Мэксыкі».
Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо, які размаўляў з Шэйнбаўм, заявіў, што яго краіна ўвядзе ў адказ 25-працэнтныя зборы на асобныя амэрыканскія тавары коштам 155 мільярдаў канадскіх даляраў (106,6 мільярда даляраў ЗША), зь першай фазай 4 лютага і другой за тры тыдні.
«Мы, вядома, не імкнёмся да эскаляцыі. Але мы будзем выступаць за Канаду, за канадцаў, за працоўныя месцы ў Канадзе», — сказаў ён, папярэдзіўшы аб магчымасьці разрыву даўніх канадзка-амэрыканскіх сувязяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвясьцілі пра ўзмацненьне жорсткасьці палітыкі адносна Кубы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прыгразіў краінам БРІКС, куды імкнецца Беларусь, за спробу прыдумаць замену даляру ў гандлі